Браты, маючы Першасьвятара вялікага, Які прайшоў нябёсы, Ісуса Сына Божага, будзем цьвёрда трымацца веравызнаньня нашага. Бо мы маем не такога Першасьвятара, Які ня мог бы спагадаць нам у немачах нашых, а Такога, Які, як і мы, дасьведчаны ва ўсім, акрамя граху. Таму прыступайма з адвагаю да трона ласкі, каб атрымаць міласьць і здабыць ласку на своечасовую дапамогу.
Бо кожны першасьвятар з людзей выбіраны, людзям жа і пастаўляецца на служэньне Богу, каб прыносіць дары і ахвяры за грахі, каб мог спачуваць неабазнаным і заблуканым; бо і сам абложаны немаччу, і таму ён павінен як за людзей, так і за сябе прыносіць ахвяры за грахі. І ніхто сам сабою не прымае гэтага гонару, а толькі пакліканы Богам, як і Аарон.
Так і Хрыстос ня Сам Сабе прысвоіў славу быць першасьвятаром, а Той, Хто сказаў Яму: “Ты Сын Мой, Я сёньня нарадзіў Цябе”; – як і ў іншым месцы кажа: “Ты сьвятар навек па чыне Мелхісэдэка”. (Габр. 4.14-5.6)