Чытаньне з кнігі Роду на Вячэрні ў Вялікі постАўрам меў аб’яўленьне ноччу і пачуў наступныя словы Г…

Чытаньне з кнігі Роду на Вячэрні ў Вялікі пост

Аўрам меў аб’яўленьне ноччу і пачуў наступныя словы Гасподнія: “Ня бойся, Аўраме, бо Я – твая абарона; дам табе вялікую ўзнагароду”. Аўрам сказаў: “Уладару Госпадзе, нашто мне яна, калі ўжо блізка канец жыцьця майго і ня маю насьледніка; маім спадкаемцам будзе народжаны ад служанкі дамаскінец Еліязар”. І казаў далей: “Так як Ты ня даў мне насьледніка, дык слуга мой будзе мне насьледнікам”.

Але вось зноў пачуў ён Словы Гасподнія: “Ня будзе ён тваім насьледнікам, але будзе насьледнікам той, хто народзіцца ад цябе”. І, загадаўшы Аўраму выйсьці вонкі, сказаў: “Глянь на неба і палічы зоркі, калі зможаш”. І дадаў: “Так шматлікімі будуць твае нашчадкі”. Аўрам паверыў, і Госпад палічыў яму гэта ў заслугу.

Потым сказаў яму: “Я – Госпад, які вывеў цябе з зямлі Ур Халдейскай, каб даць табе гэтую краіну на ўласнасьць”. Аўрам сказаў: “Госпадзе Ўладару, як магу я быць пэўным, што атрымаю яе на ўласнасьць?” Тады Госпад сказаў: “Выбяры мне цялушку трохгадовую, трохгадовую туркаўку і голуба”. Аўрам узяў іх, перарубіў іх уздоўж на палавіны, і перарубленыя часткі паклаў адна супраць другой; птушак не разразаў. Калі да мяса пачалі зьлятацца драпежныя птушкі, Аўрам адганяў іх.

А калі сонца пачало схіляцца да захаду, Аўрам заснуў глыбокім сном, і апанавала яго пачуцьцё трывогі, быццам вялікая цемра агарнула яго. Тады Госпад сказаў Аўраму: “Ведай, што нашчадкі твае будуць прыхаднямі ў краіне, якая ня будзе іхняй краінай, і чатырыста гадоў будуць там цярпець прыгнёт і няволю, аж пакуль не пашлю кару на народ, які іх няволіў, і яны выйдуць адтуль з вялікім набыткам. Але ты адыдзеш да тваіх продкаў у супакоі, дажыўшы да вялікай старасьці”. (15:1-15)