Былі яны ў дарозе, узыходзячы ў Ерусалім, і паперадзе іх ішоў Ісус, а яны жахаліся і, услед ідучы, былі ў страху. І ўзяўшы зноў дванаццаць, пачаў ім гаварыць, што з Ім мае адбыцца: “Вось мы ўзыходзім у Ерусалім і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасвятарам і кніжнікам, і асудзяць Яго на смерць, і выдадуць Яго язычнікам; і наглумяцца над Ім, і будуць бічаваць Яго і пляваць на Яго, і заб’юць Яго; і на трэці дзень уваскрэсне”.
І падышлі да Яго Якуб і Ян, сыны Зебядзеевы, кажучы: “Настаўнік! хочам, каб Ты зрабіў нам тое, што папросім”. А Ён сказаў ім: “Што хочаце, каб Я зрабіў вам?” Яны ж сказалі Яму: “Дай нам сесці аднаму справа ад Цябе, а другому злева ад Цябе, у славе Тваёй”. Ісус жа сказаў ім: “Не ведаеце, чаго просіце; ці можаце піць чашу, якую Я п’ю і хрышчэннем, якім Я хрышчуся, хрысціцца?” Яны ж сказалі Яму: “Можам”. А Ісус сказаў ім: “Чашу, якую Я п’ю, будзеце піць і хрышчэннем, якім Я хрышчуся, будзеце хрысціцца; а сесці справа ад Мяне ці злева – не Я даю, але гэта для тых, каму ўгатавана”.
І, пачуўшы, дзесяцера пачалі гневацца на Якуба і Яна. А Ісус, паклікаўшы іх, кажа ім: “Вы ведаеце, што тыя, хто лічыцца на чале народаў, пануюць над імі, і вяльможы іх уладараць імі. Але не так няхай будзе сярод вас: а хто хоча сярод вас большым быць, няхай будзе вам слугою; і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе ўсім рабом. Бо і Сын Чалавечы не дзеля таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб паслужыць і аддаць душу Сваю ў выкуп за многіх”. (Мк. 10, 32-45)