Чысты Чацьвер – дзень Апошняй Вячэры, на якой Хрыстос устанавіў сьвятую Эўхарыстыю, або таінства Св…

Чысты Чацьвер – дзень Апошняй Вячэры, на якой Хрыстос устанавіў сьвятую Эўхарыстыю, або таінства Свайго Цела і Крыві пад выглядам хлеба і віна. Вялікі Сьвятар, Ён даў таксама вучням сваім, а праз іх іхнім наступнікам, сьвятарскую моц прыносіць Эўхарыстычную ахвяру, калі загадаў ім рабіць тое самае на ўспамін пра Яго.

Перад вячэраю Хрыстос памыў ногі сваім вучням. Бо Ён прыйшоў, не каб Яму служылі, але каб паслужыць, і даў прыклад тым, што хочуць ісьці сьледам за Ім: “Калі Я, Госпад і Настаўнік, памыў вам ногі, дык і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму. Я даў вам прыклад, каб як Я зрабіў вам, рабілі і вы” (Ян. 13.14-15).

Сярод вучняў, якім Хрыстос памыў ногі і якія бралі ўдзел у Вячэры, быў таксама Юда. У літургічных сьпевах гаворыцца, што ён, “маючы яшчэ ў вуснах Нябесны Хлеб, ужо рыхтаваў здраду Збавіцеля”. У гэты дзень, у адрозьненьне ад папярэдніх, служыцца поўная Літургія сьв. Базыля ў спалучэньні з Вячэрняй. Замест Хэрувімскай песьні сьпяваецца “Зрабі мяне сёньня, Сыне Божы, удзельнікам Тваёй тайнай вячэры”.