Апостал дняУ той час Пётра прамовіў да людзей: “Мужы ізраільскія, па слухайце тое, што кажу: Ісуса…

Апостал дня

У той час Пётра прамовіў да людзей: “Мужы ізраільскія, па слухайце тое, што кажу: Ісуса Назарэя, мужа, якога Бог аб’явіў вам нязвыклымі ўчынкамі, цудамі і знакамі, якія зрабіў праз Яго Бог сярод вас, як самі ведаеце, – гэтага мужа, які быў выданы згодна з пастановаю і провідам Божым, вы рукамі беззаконных прыбілі да крыжа і забілі. Але Бог уваскрасіў Яго, разарваўшы путы сьмерці, бо немагчыма было, каб яна Яго ўтрымала. Бо Давід кажа пра Яго: «Я бачыў Госпада заўжды перада мною, Ён у мяне па правай руцэ, каб мне не пахіснуцца. Дзеля гэтага цешыцца сэрца маё, радуецца душа, а цела маё спачывае бясьпечна. Бо Ты не пакінеш душы маёй у краіне мёртвых і не дасі сьвятому Твайму бачыць тленнасьць. Ты мне пакажаш сьцежку жыцьця, поўню радасьці, што ў Табе, і вечнае блаславеньне па правай руцэ Тваёй».

Мужы браты! Дазвольце мне сказаць вам адкрыта, што прабацька Давід памёр, і быў пахаваны ў магіле, якая ёсьць у нас па сёньняшні дзень. Але, будучы прарокам і ведаючы, што Бог кляўся і прысягнуў яму пасадзіць ягонага нашчадка на ягоным пасадзе, ён прадбачыў і прадказаў уваскрасеньне Хрыста, што ані душа Ягоная не застанецца ў пекле, ані цела Ягонае ня пабачыць тленнасьці. Гэтага вось Ісуса ўваскрасіў Бог, і мы ўсе сьведкі гэтага. Узьнесены правіцаю Божаю, Ён атрымаў ад Айца абяцанага Духа Сьвятога і выліў Яго, як цяпер бачыце і чуеце. Бо Давід не ўзышоў на неба; ён жа сам кажа: «Сказаў Госпад Госпаду майму; Сядзь па правай руцэ Маёй, пакуль пакладу ворагаў Тваіх падножкам ног Тваіх».

Дык няхай жа цьвёрда ведае ўвесь дом Ізраіля, што гэтага Ісуса, якога вы ўкрыжавалі, Бог зрабіў Госпадам і Хрыстом”. Пачуўшы гэтае, яны расчуліліся ў сэрцах іх і сказалі Пятру і іншым апосталам: “Што нам рабіць, мужы браты?” Пётра ж сказаў ім: “Пакайцеся, і няхай кожны з вас ахрысьціцца ў імя Ісуса Хрыста для адпушчэньня грахоў”. (Дз 2:22-38а)