Урэшце, няхай вучаць нас словы кнігі Валадарстваў. Нааман, па паходжанні сірыец, хварэў на праказу, і ніхто не мог яго вылечыць. Тады адна з дзяўчат, забраных у няволю, сказала, што ў Ізраілі ёсць прарок, які можа вызваліць яго ад гэтай хваробы. Нааман, узяўшы з сабою, як кажа Пісанне, золата і срэбра, ідзе да караля Ізраіля. Як толькі той даведаўся аб прычыне візіту Наамана, разарваў свае шаты і крычаў, што зашмат ад яго патрабуе, бо патрабаванне пераўзыходзіць межы каралеўскай улады. Тады Елісей сказаў каралю прыслаць сірыйца да яго, каб ён пазнаў, што ў Ізраілі ёсць Бог. Калі ж той прыйшоў, атрымаў загад сем разоў абмыцца ў Ярдане. Нааман жа падумаў, што ў яго бацькаўшчыне рэкі маюць лепшыя воды, і хоць ён акунаўся ў іх шмат разоў, аднак не ачысціўся. Менавіта гэта стрымала яго ад выканання загаду прарока. Але з прычыны настойлівага заахвочвання слуг, ён саступіў і абмыўся. Калі ачысціўся, зразумеў, што гэта не вада ачышчае, але ласка.
Св. Амброзій