Мучанікі Кірык і ЮлітаРаньнехрысьціянскія сьвятыя мучанікі Юліта і яе сын Кірык, якія шануюцца як ка…

Мучанікі Кірык і Юліта

Раньнехрысьціянскія сьвятыя мучанікі Юліта і яе сын Кірык, якія шануюцца як католікамі, так і праваслаўнымі, паходзілі з Іконіі. Былі замучаныя за часоў Дыяклецыяна (284-305 гг.). Паводле легендарных зьвестак Кірык быў дзіцём у веку трох гадоў, калі ягоную маці Юліту, багатую і заможную хрысьціянку, якая пасьля сьмерці мужа разам з прыслугаю ўцякала ад перасьледаваньняў у Іконіі, схапілі ў Тарсе ў Кілікіі. Падчас суду, адабраўшы ад маці малога Кірыка, зьверхнік правінцыі спрабаваў пяшчотамі дамагчыся ягонай прыхільнасьці. Але малое дзіця падчас свайго плачу і лепятаньня вымавіла імя Хрыста і адпіхнула злачынцу. Разьюшаны кат забіў хлопчыка на вачах маці, кінуўшы яго на зямлю так, што разьбіў яму галаву аб сходы. Маці, якая пачала ўзмоцнена маліцца, яшчэ больш разьюшыла ўладара, які загадаў яе катаваць. Яна адмовілася вызнаваць паганскіх бажкоў, і тады ёй сьцялі галаву. Юліта прыняла мучаніцкую сьмерць разам з сынам Кірыкам і дзясяткамі іншых хрысьціянаў каля 305 году.