Прэшаўскі грэка-кататаліцкі біскуп Павел Гойдыч не адступіў ад Царквы ў часы камуністычнага перасьледу ў Чэхаславакіі. Прайшоўшы турму, розныя катаваньні — фізічныя і псіхалагічныя, памёр у вязьніцы, як мужны сьведка Хрыста.
Пётр Гойдыч нарадзіўся 17 ліпеня 1888 году ў сям’і грэка-каталіцкага сьвятара Стэфана Гойдыча і Ганны (Гэрбэры) у вёсцы Руске Пэкляны ва ўсходняй Славакіі.
Вучыўся ў семінарыі ў Прэшаве і Будапешце. Сьвятарскія сьвячаньні прыняў з рук біскупа Яна Вальі 27 жніўня 1911 году. Адразу пасьля сьвячаньняў ён працаваў у парафіі свайго бацькі вікарыем. Праз год атрымаў пасаду прэфекта ў епархіяльным інтэрнаце для моладзі. Адначасова выкладаў рэлігію ў школах Прэшава. Пазьней працаваў таксама ў епархіяльным архіве, быў вікарыем у прэшаўскай парафіі, адміністратарам парафіі ў Сабінаве, недалёка ад Прэшава, быў таксама дырэктарам біскупскай канцылярыі.
Усё сваё жыцьцё ён хацеў прысьвяціць толькі Богу і малітве, і таму 20 ліпеня 1922 году ўступіў у манастыр Закону Айцоў Базыльянаў на Чарнечай Гары каля Мукачава (Закарпацьце), якая ў тыя часы была часткай Чэха-Славакіі. 27 студзеня 1923 году ён быў дапушчаны да навіцыяту і прыняў імя Павел. Ягоныя мары пра жыцьцё ў манаскай супольнасьці аднак ня споўніліся. 14 верасьня 1926 году Сьвятая Сталіца намінавала яго Апостальскім адміністратарам Прэшаўскай япархіі.
Ужо 7 сакавіка 1927 году папа Пій XI менаваў яго тытулярным біскупам Гарпаскім, адначасова Павел Гойдыч заставаўся на пасадзе Адміністратара Прэшаўскай япархіі. Біскупскую сакру ён атрымаў у царкве сьв. Клімента ў Рыме 25 сакавіка 1927 году з рук біскупаў: Дыянісія Ньірадзі — Крыжавацкага біскупа з Югаславіі, Язафата Кацылоўскага —- біскупа з Перамышля, што ў Польшчы, і Канстанціна Багаціўскага — Філадэльфійскага біскупа са Злучаных Штатаў Амерыкі. Яго біскупскім дэвізам сталі словы: «Бог ёсьць любоў, будзем любіць Яго!»
На пасадзе біскупа Павел Гойдыч шмат зрабіў у розных жыцьцёвых накірунках: як літургічным, так у душпастырскім ды адміністрацыйным. Ён прыклаў намаганьні, каб рознага роду набажэнствы адпраўляліся паводле літургічных рубрык. Біскуп клапаціўся пра заснаваньне новых грэка-каталіцкіх парафіяў, асабліва ў гарадах, такіх, як Прага, Браціслава, каб людзі, якія ў пошуках працы пераязджалі ў вялікія гарады, не згубілі сваёй веры. У час ІІ Сусьветнай вайны, з прычыны нязгоды з тагачаснай нацыянальнай палітыкай Славацкай дзяржавы (бо лічыў сябе русінам), ён папрасіў Сьвятую Сталіцу, каб звольніла яго з пасады адміністратара Прэшаўскай япархіі. Ватыкан звольніў яго ад абавязкаў адміністратара, але менаваў яго біскупам Прэшаўскім. Біскуп Павел і надалей шчыра й ахвотна працаваў у справе збаўленьня душаў.
Аднак у 1950 годзе, 28 красавіка, у дзень, калі камуністы зьнішчылі Грэка-Каталіцкую Царкву ў Чэха-Славакіі, ён быў ізаляваны ад сваёй паствы. Суд прызнаў яго віноўным у шпіянажы для Ватыкану і прысудзіў пажыцьцёвае зьняволеньне ў вязьніцы, пазьней тэрмін быў «скарочаны»