Сьвятыя Сымон бажавольны і Ян паходзілі з Эдэсы ў Сірыі. Нежанаты Сымон, які меў 30 гадоў, і жанаты 24-гадовы Ян аднойчы пайшлі на сьвята Ўзвышэньня сьвятога Крыжа ў Ерусалім. Вяртаючыся адтуль, прынялі рашэньне ўступіць у манастыр сьв. Герасіма на Ярдане. Перад тым даведаліся, што маці і жонка Яна памерлі. Апрануўшы манаскую вопратку, 40 гадоў яны жылі ў аскетычным змаганьні ў пустэльні на сьпёцы. Сьв. Ян заставаўся ў гэтым манастыры да канца свайго жыцьця, а сьв. Сымон перабраўся пазьней у Эмезу (сучасны Хомс у заходняй Сірыі), дзе прыняў на сябе стараньне быць бажавольным дзеля Хрыста. Сымон рабіў часта сьмешныя і дзіўныя рэчы, чым выстаўляў сябе на кпіны і зьдзекі, а між тым па-ціху рабіў шмат добрых учынкаў, якія былі выяўленыя толькі пасьля ягонай сьмерці. Сьв. Сымон нарадзіўся каля 522 году, памёр у супакоі ў канцы VI ст.
БЕЛАРУСКІЯ НАВІНЫ