Ці ты не чуеш Госпада, Які кажа: «Дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх» (Мц 18,…

Ці ты не чуеш Госпада, Які кажа: «Дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх» (Мц 18, 20). Ці ж не будзе Яго там, дзе ўвесь народ з’яднаны повязямі любові? Маючы Яго абяцанне, ці буду я разлічваць на ўласныя сілы? Я маю Яго слова. Вось мая падтрымка, вось абарона, вось спакойнае для мяне прыстанішча. Хоць бы ўвесь свет паўстаў супраць мяне, я трымаюся Яго абяцання, слухаю Яго слова; вось мая цвярдыня, вось мая абарона. Якія ж гэта словы? «Вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку» (Мц 28, 20). 

Хрыстос са мною, каго ж мне баяцца? Хоць бы ўзняліся супраць мяне хвалі, ці мора, ці гнеў моцных гэтага свету – усё гэта для мяне нішто, нават менш за звычайнае павуцінне. Калі б не любоў, якую маю да вас, – ужо сёння я вырушыў бы ў дарогу. Але заўсёды кажу: «Госпадзе, няхай станецца воля Твая» (пар. Мц 26, 42). Я выканаю тое, чаго хочаш Ты, а не тое, чаго прагне той ці іншы. Вось мая цвярдыня, вось мая непарушная скала, вось надзейная дапамога. Калі так хоча Бог, няхай так будзе.

Св. Ян Залатавусны