Сьвятамучанік Рыгор, біскуп Вялікай АрменііРыгор Асьветнік (Грыкор Лусаворыч) (к. 252—326) — першы …

Сьвятамучанік Рыгор, біскуп Вялікай Арменіі

Рыгор Асьветнік (Грыкор Лусаворыч) (к. 252—326) — першы біскуп і асьветнік Арменіі.

Жыцьцё сьв. Рыгора апісана Агафангелам, пісьменьнікам IV ст., легендарным аўтарам гісторыі навяртання Арменіі ў хрысьціянства. Апроч жыцьця ў кнізе Агафангела ўтрымліваецца складанка з 23 пропаведзяў, якія прыпісваюцца сьв. Рыгору Асьветніку, таму гэтую кнігу называюць яшчэ «Кнігай Грыгорыса» ці «Вучэньнем Асьветніка» (арм. «Вардапетутун»).

У кнізе распавядаецца што бацька Рыгора, Апак (Анак), падкуплены персідзкім царом, забіў армянскага цара Хазроя і за гэта сам паплаціўся жыцьцём; усё сямейства яго было зьнішчана, акрамя малодшага сына, якога ягоная карміцелька, хрысьціянка, пасьпела вынесьці на сваю радзіму, у Кесарыю Кападакійскую. Там хлопчык быў ахрышчаны з імем Рыгора і атрымаў хрысьціянскае выхаваньне. Узяўшы шлюб, ён хутка растаўся з жонкай: яна паступіла ў манастыр, а Рыгор адправіўся ў Рым і ўступіў там у слугаваньне да сына Хазроева, Тырыдата (287—330 гг.), жадаючы рупліваю службаю загладзіць віну свайго бацькі.

Прыбыўшы ў Арменію ў 287 годзе ў суправаджэньні рымскіх легіёнаў, Тырыдат вярнуў сабе бацькаўскі пасад. За спавяданьне хрысьціянства Тырыдат загадаў кінуць Рыгора ў роў, каб ён загінуў там ад голаду. Тут Рыгор пражыў 13 гадоў, будучы кормлены набожнаю жанчынай. Тым часам Тырыдат захварэў, але быў вылечаны Рыгорам, пасьля чаго ў 301 г. хрысьціўся і абвясьціў хрысьціянства дзяржаўнай рэлігіяй у Арменіі.

У 302 г. Рыгор быў пасьвячаны ў біскупы біскупам Лявонціем Кападакійскім у Кесарыі, пасьля чаго пабудаваў храм у горадзе Вагаршапаце — сталіцы цара Тырыдата. Храм быў названы Эчміадзін, што ў перакладзе азначае «сышоў Адзінародны» (г. зн. Ісус Хрыстос), які, паводле паданьня, асабіста паказаў Рыгору месца для будаўніцтва храма. У 325 г. Рыгор быў запрошаны на Першы Сусьветны Сабор у Нікеі, але ня меў магчымасьці паехаць сам і адправіў туды свайго сына Арыстакеса, які, разам з яшчэ адным пасланцам на імя Акрытыс, прывёз у Арменію Нікейскія пастановы. У 325 г. Рыгор перадаў катэдру сыну, а сам падаўся ў самотнікі і хутка памёр (у 326 г.). Быў пахаваны ў Эчміадзіне. Армянскае архібіскупства доўга заставалася ў родзе Рыгора.