Сапраўднае сонца сям’і – гэта жонка. Паслухайце, што кажа пра яе і як навучае Святое Пісанне: «Любасць добрай жонкі прыносіць асалоду яе мужу. Любасць над любасцю – сарамлівая жонка, і няма нічога больш каштоўнага за цнатлівую душу. Як сонца ўзыходзіць над вышынямі Госпада, так хараство добрай жонкі – упрыгожанне дому яе» (пар. Сір 26, 13-16).
Сапраўды, жонка і маці – нібы сонца сям’і. Сонца, бо велікадушная, ахвярная, заўсёды руплівая, уважлівая і далікатная ў адносінах да ўсяго, што магло б зрабіць жыццё мужа і дзяцей больш радасным. Сее вакол сябе святло і цяпло. Калі гаворыцца, што сужэнства шчаслівае, калі сужэнцы, якія яго ствараюць, не шукаюць уласнага шчасця, але шчасця другой асобы, то гэтая цудоўная цнота і жаданне ў пэўным сэнсе адносіцца да абодвух сужэнцаў, але асабліва да жанчыны. Яе прырода надзелена пачуццём мацярынства, мудрасцю сэрца і разважлівасцю. Дзякуючы гэтым дарам, нават калі сустракаецца з непрыемнасцямі, адказвае спагадаю. Калі закранута яе годнасць, адплочвае павагаю і пашанаю. Менавіта так, як сонца, якое заранкай раз’ясняе шэрыя хвіліны ранку і залатымі промнямі пранізвае вячэрні змрок.
Жонка з’яўляецца сонцам сям’і дзякуючы яснасці свайго позірку і цеплыні словаў. Яе вочы і голас напаўняюць слодыччу душу, заахвочваюць, узрушваюць, натхняюць, сцішваюць парывы гневу і схіляюць мужа радавацца дабром, весці радасную сямейную размову пасля доўгіх цяжкіх штодзённых заняткаў ці то на працы, ці на полі, у справах гандлю ці рамяства.
Жонка ёсць сонцам сям’і праз сваю натуральную і радасную шчырасць, годную прастату, хрысціянскую праведнасць, а таксама праз сваю разважлівасць і высакароднасць духу, адпаведны клопат пра цела і вопратку, праз сціплы і зычлівы стыль жыцця. Далікатнасць пачуццяў, вясёлы выраз твару, маўчанне, незласлівая ўсмешка, спагадліва схіленная галава надаюць ёй выгляд прывабнай і ў той жа час простай кветкі, якая раскрывае свае пялёсткі, каб прыняць і адлюстраваць цяпло сонца.
О, калі б вы маглі ведаць, якое глыбокае пачуццё любові і ўдзячнасці ў сэрцы бацькі сям’і і дзяцей выклікае і пакідае такі вобраз жонкі і маці.
Папа Пій ХІІ