ЦАРКВА СВЕДЧАННЯ, АБО КАРОТКАЯ ГІСТОРЫЯ УНІІТак здаецца, што гісторыя гэтай гэтай ідэі і гэтай Царк…

ЦАРКВА СВЕДЧАННЯ, АБО КАРОТКАЯ ГІСТОРЫЯ УНІІ
Так здаецца, што гісторыя гэтай гэтай ідэі і гэтай Царквы вельмі цесна звязана са сведчаннем.
І перадусім гэта было сведчанне еднасці, таго, што было заданнем, а стала імем гэтай Царквы. Еднасць сведчылі і мітрапаліт грэк Ісідар, нават перад самім маскоўскім царом. І Язафат, які не пакінуў сведчыць пра яе нават перад абліччам мучаніцтва. І многія сотні пазнейшых вызнаўцаў і мучанікаў.
Еднасць “уніты” сведчылі адважна як базыльянін Канстантын Заячкоўскі перад Пятром І і маўкліва – упарта як Антоні Сасноўскі, які пакінуў Унію пасля яе фармальнай ліквідацыі ў 1839 годзе перад абліччам голаду. Сведчылі ўніяты еднасць актыўна і свядома, як манахі базыліяне і несвядома, глухой пазасталасцю ў памяці, што ёсць руская вера, ёсць польская вера, а была яшчэ “наша”, “свая”.
Сведчылі дасканала і бліскуча: прадстаўляючы глыбокія і вострыя тэалагічныя аргументы ва ўрачыстых прамовах і дыспутах, друкуючы тэалагічныя і палемічныя кнігі, катэхізісы і прамовы. І сведчылі потайкам, толькі сярод сваіх, спраўляючы дзіўны і прымхлівы абрад “змывання хросту”. У гады пасля ліквідацыі уніі на Падляшшы уніяты прымушаныя да таго, каб хрысціць у царкве як афіцыйныя праваслаўныя, а вяртаючыся дахаты пасля абраду “змывалі хрост”, які быў для іх сведчаннем прымусу сумлення.
Сведчылі еднасць пакутай і навяртаннем вызнанем свах памылак як Мялецій Сматрыцкі, як дзясяткі тысяч прыступіўшых да Тайны споведзі і прыняўшых Святое Прычасце на шматдзённых урачыстасцях каранацыі папскімі каронамі іконы Маці Божай Жыровіцкай у верасні 1730 года.
Калі гаварыць, што яшчэ сведчылі ўніяты, то гэта было і сведчанне вернасці – вернасці Царкве продкаў, якое склалі мучанікі ў Пратуліне на тым самым Падляшшы. Яны за цану свайго жыцця не захацелі ўпусціць у сваю і сваіх продкаў святыню святара, якога не лічылі сваім.
Гэта сведчанне мужнасці (хтосьці скажа ўпартасці ў сваіх перакананнях) купкі іерархаў, якая пасля Берасця аказалася з нешматлікі сваімі прыхільнікамі супраць магутнага князя Астрожскага, супраць актыўных і дзёрзкіх брацтваў і небяспечных казакаў. Нават першы мітрапаліт Міхаіл Рагоза, якія доўга вагаўся з адкрытай падтрымкай Уніі пасля Берасця змяніў сваю паставу.
Гэта сведчанне вернасці свайму сумленню, які сведчылі і згаданы вышэй парах кляшчэльскі Антоні Сасноўскі, пакуль мог супраціўляўся, апелюючы да свабоды сумлення, якое гарантавалі расійскія цары падчас далучэння падляскіх земляў да Імперыі, і рэктар полацкай семінарыі Адам Тамкавід, які застаўся верным нават пасля ссылкі ў карны манастыр у Расіі, і няпушчаны пасля канца ссылкі на радзіму, памёр у Харкаве жадаючы толькі адзін раз адслужыць Еўхарыстыю.
Гэта і сведчанне служэння Богу і людзям экзарха Антона Неманцэвіча, які быў і рэдактарам, і выкладчыкам, і катэхізатарам, і навукоўцам, і прапаведнікам, і педагогам, і пастырам; і тым, хто выйграў дыспут з прафесійным камуністычным бязбожнікам дасціпна прамаўляючы перад аўдыторыяй, і тым, хто вывез у Польшчу ключы ад труны апошняга караля Станіслава Аўгуста. Быў тым, тым каго пераследвалі бальшавікі і нацысты.
Ён жа даў сведчанне таго, што Унія звязана глыбока з Беларуссю, і можа быць духоўным шляхам да аб’яднання падзеленага рэлігійна народа. І ў яго былі наступнікі, якія рабілі чутнай Беларусь у свеце тады, калі яна збольшага маўчала. Згадаем хаця б біскупа Чэслава Сіповіча – першага беларуса якому падоліла стацца Айцом Сусветнага царкоўнага сабору, і таго, хто заклаў беларускую бібліятэку ў Лондане, наступнікам якога стаўся а. Аляксандр Надсан.
Які вельмі здзівіўся, калі аднойчы пабачыў новых сведкаў на платформе мінскага вакзала на пачатку 90-ых гадоў, якія наскрозь атэізаванаму грамадству сведчылі: глядзіце, мы знайшлі дзесьці ў глыбіні гісторыі сваю Царкву, беларускую! Ого! І пры гэтай нагодзе многія з той грамады сведкаў знайшлі і Хрыста.