Найважнейшая дабрадзейнасць, народжаная з веры, — гэта дабрадзейнасць Божай любові, якую Бог дае хрысціяніну, новаму стварэнню ў Хрысце. Любоў — гэта Божы дар чалавеку, яна мае сваю крыніцу ў Богу: любоў Айца, аб’яўленая ў Сыне, даецца нам у Духу Святым.
Гэтая дабрадзейнасць з’яўляецца ўдзелам чалавека ў Божай любові. Кожны, хто ўдзельнічае ў такой любові, становіцца здольным любіць Айца, як любіць Яго Сын, і можа любіць свайго бліжняга аж да канца, таму што «ніхто не можа любіць больш, чым калі жыццё сваё пакладзе за сяброў сваіх» (Ян 15, 13).
Любоў — змест хрысціянскага жыцця, матыў учынкаў хрысціяніна. Любячы, мы становімся ўдзельнікамі любові Айца, аб’яўленай Ісусам Хрыстом, улітай у нашыя сэрцы Духам Святым. Гэта не толькі здольнасць чалавека любіць, але і любоў, якой жыве Сам Бог: “Улюбёныя, будзем любіць адзін аднаго, бо любоў ад Бога і кожны, хто любіць, нарадзіўся ад Бога і ведае Бога. А хто не любіць, не пазнаў Бога, бо Бог ёсць любоў” (1 Ян. 4, 7-8).
“Калі я гавару мовамі людзей і анёлаў, а любові не маю, то я — медзь, што звініць, або цымбалы, што гудзяць. І калі я маю дар праракавання ды зведаў усе таямніцы і ўсякія веды, і маю ўсю веру, што і горы пераносіць, але любові не маю, — я нішто. І калі б раздаў на бедных усю сваю маёмасць і цела сваё аддаў на спаленне, але любові не меў бы — ніякай мне з гэтага карысці. Любоў доўгацярплівая, любоў ласкавая, не зайздросціць, не бывае ганарыстай, не надзімаецца, не амбітная, не шукае таго, што сваё, не злуецца, не думае благога, не цешыцца з несправядлівасці, але радуецца праўдзе, усё пераносіць, ва ўсё верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць. Любоў ніколі не знікае. А вось, прароцтвы знікнуць, і мовы змоўкнуць, і веды занепадуць. (…) Дык цяпер трываюць гэтыя тры: вера, надзея і любоў; але большая з іх — любоў” (1 Кар. 13, 1-8. 13).
Вера, надзея, любоў — гэта Божыя дабрадзейнасці, якія ўмацоўваюць і накіроўваюць нас, яднаюць нас з Богам. Сваімі намаганнямі мы не можам здабыць іх, яны нам даруюцца Богам. Першая Божая запаведзь заклікае нас развіваць веру, надзею і любоў да Бога.
Госпад — светач мой і збаўленне маё — каго я буду баяцца? Госпад — абарона жыцця майго, перад кім я буду трымцець? (Пс. 27, 1)