Пазнаю Цябе, Госпадзе, Які ведаеш мяне, пазнаю так, як і я спазнаны (пар. 1 Кар 13, 12). Сіла маёй душы, увайдзі ў яе і ўчыні, каб без плямы ці заганы (пар. Эф 5, 27) яна цалкам належала Табе. Спадзяюся, што так станецца, і таму кажу, што гэтая надзея радуецца заўсёды, калі сапраўды радуецца. Іншыя даброты гэтага жыцця тым больш аплакваюцца, чым менш заслугоўваюць слёзаў, і тым больш заслугоўваюць, чым менш іх праліваем. «Ты палюбіў глыбокую праўду» (Пс 51, 8), бо «хто чыніць праўду, ідзе да святла» (Ян 3, 21). Таму я жадаю праз гэтую споведзь здзяйсняць яе ў маім сэрцы перад Табою, а таксама перад шматлікімі сведкамі праз пасрэдніцтва гэтай кнігі.
Перад Табою, Госпадзе, адкрыта адхлань чалавечага сумлення. І што ж я магу закрыць перад Табою, нават калі б не хацеў вызнаць? Больш закрыў бы Цябе перад сабою, чым сябе перад Табою. Таму цяпер, калі маё дыханне сведчыць, што не знаходжу ў сабе ўпадабання, Ты становішся маім святлом, маім упадабаннем, любоўю і прагненнем. Саромлюся сябе, пакідаю сябе, каб выбраць Цябе, і не хачу падабацца ні сабе, ні Табе, а толькі з увагі на Цябе.
Ты, Госпадзе, бачыш мяне такім, якім я ёсць. Навошта раблю гэтае вызнанне, я ўжо сказаў раней. Вызнаю не словамі і заклікам душы, але словамі душы і заклікам розуму, які даходзіць да Тваіх вушэй. Калі я грэшны, мая споведзь выяўляецца ў тым, што я не падабаюся самому сабе; калі я добры – у адмаўленні сваіх заслугаў, «бо Ты, Госпадзе, бласлаўляеш справядлівага» (Пс 5, 13), але перад гэтым адорваеш праведнасцю грэшніка. Таму мая споведзь перад Табою адбываецца ў цішыні і ў закліку. Бо вусны маўчаць, але крычыць сэрца.
Ты асуджаеш мяне, Госпадзе. «Бо хто з людзей ведае чалавечае, акрамя духа чалавека, які ў ім самім?» (1 Кар 2, 11). Аднак ёсць у чалавеку тое, чаго не ведае нават яго дух. А Ты, Госпадзе, ведаеш усё, бо Ты стварыў яго. І хоць я адчуваю агіду да сябе перад Тваім абліччам і лічу сябе пылам і попелам, аднак ведаю пра Цябе штосьці, чаго не ведаю пра самога сябе.
«Бо цяпер мы бачым праз люстэрка, цьмяна» (1 Кар 13, 12), а не тварам у твар. І таму, пакуль пілігрымую здалёк ад Цябе, я бліжэй да сябе самога, чым да Цябе. Аднак ведаю, што Ты дасканалы, а я не ведаю, перад якімі спакусамі змагу ці не змагу ўстаяць. Таму спадзяюся, што Ты, будучы верным, не дазволіш выпрабоўваць нас больш, чым маем сілы, але разам з выпрабаваннем дасі і выйсце, каб мы маглі вытрываць (пар. 1 Кар 10, 13).
Вызнаю тое, што ведаю пра сябе, а таксама і тое, чаго не ведаю. Тое, што ведаю, ведаю дзякуючы Твайму святлу; тое, чаго не ведаю, датуль не буду ведаць, пакуль у святле Твайго аблічча мой змрок не стане, як поўдзень (пар. Іс 58, 10).
Св. Аўгустын