Здабыванне ЕрыхонаУзяты ў аблогу Ерыхон абавязкова трэба было здабыць. Як здабывалі Ерыхон? Не падым…

Здабыванне Ерыхона

Узяты ў аблогу Ерыхон абавязкова трэба было здабыць. Як здабывалі Ерыхон? Не падымалі супраць яго мяча, не накіроўвалі асадных машын, не пускалі стрэлаў. Выкарысталі толькі трубы святароў, і на іх гучанне рушацца муры Ерыхона.

У Святым Пісанні Ерыхон часта з’яўляецца вобразам гэтага свету. Так, напрыклад, у Евангеллі чалавек, які сыходзіў з Ерусаліма ў Ерыхон і трапіў у рукі разбойнікаў, з’яўляецца вобразам Адама, выдаленага з раю і выгнанага ў свет. Таксама сляпыя з Ерыхона, да якіх прыйшоў Ісус, каб вярнуць ім зрок, былі вобразам людзей свету, што знаходзяцца ў змроку няведання. Дык вось, Ерыхон, што значыць гэты свет, прызначаны на згубу. Дарэчы, знішчэнне свету здаўна прадказвалася ў Святых Кнігах.

Якім чынам будзе ён знішчаны і чым? На гук трубы − кажа Святое Пісанне. Якой трубы? Няхай жа св. Павел адкрые табе таямніцу. Паслухай, што ён кажа: «На гук трубы памерлыя ў Хрысце ўваскрэснуць як нятленныя, бо сам Госпад на заклік і на голас арханёла і трубы Божай сыдзе з неба» (пар. 1 Кар 15, 52; 1 Тэс 4, 16). Менавіта тады на гук трубы Госпад наш, Ісус, пераможа Ерыхон і знішчыць яго дашчэнту, і толькі чужаложніца з усёй сваёй сям’ёй уратуецца. Прыйдзе, – кажа, – наш Госпад, Ісус, прыбудзе на голас трубы.

Няхай жа Госпад уратуе тую, якая прыняла Яго высланнікаў, якая Апосталаў, прынятых з вераю і любоўю, паставіла высока ў сваім доме; няхай яе злучыць і няхай з’яднае з домам Ізраіля. Не будзем згадваць яе ранейшых памылак і не будзем памятаць яе ранейшых правінаў. Калісьці была чужаложніцай, аднак цяпер належыць, як чыстая дзева, аднаму Абранніку, Хрысту. Паслухай, што пра яе кажа Апостал: «Я пастанавіў прадставіць вас, як чыстую дзеву, аднаму мужу, Хрысту». З яе таксама паходзіць той, хто кажа: «Бо і мы былі калісьці неразумныя, непаслухмяныя, зведзеныя, служылі розным жаданням і ўцехам» (пар. Ціт 3, 3).

Ці хочаш больш даведацца, якім чынам гэтая чужаложніца перастала ёй быць? Паслухай словы св. Паўла: «І такімі былі некаторыя з вас. Але вы абмыліся і былі асвячаныя ў імя Госпада нашага, Ісуса Хрыста, і праз Духа Бога нашага» (пар. 1 Кар 6, 11). Каб пазбегнуць знішчэння, каб не загінуць разам з Ерыхонам, атрымала ад пасланцоў надзейны знак збаўлення: чырвоную стужку. Так праз Кроў Хрыста ўся Царква была збаўлена ў Хрысце Ісусе, Госпадзе нашым, Яму слава і панаванне праз усе вякі вякоў. Амін.

Арыген