Царква, атрымаўшы гэтыя шаты «праз купель адраджэння» (Ціт 3, 5), кліча словамі Песні песняў: «Ты цемнаскурая і прыгожая, о дачка Ерусаліма!» (пар. Пп 1, 5). Царква зацемненая з прычыны слабасці чалавечай прыроды, а прыгожая, дзякуючы ласцы. Зацемненая, бо складаецца з грэшнікаў, прыгожая праз таінства веры. Дочкі ерусалімскія, бачачы гэтыя шаты, клічуць: «Кім ёсць тая, што выйшла ўся у белі?» Была цемнаскурай, чаму ж цяпер сталася раптам бліскуча белай?
Хрыстос глядзіць на Сваю Царкву ў белых шатах, за якую, як чытаем у кнізе прарока Захарыі, прыняў ганебныя шаты (пар. Зах 3, 3), гэта значыць, на ачышчаную і абмытую ў таінстве адраджэння душу, і кажа: «Якая ж ты прыгожая, сяброўка мая, якая ж ты прыгожая!» (Пп 4, 1). Гэтую постаць прыняў Дух Святы, сыходзячы на зямлю.
Таму зразумей, што ты атрымаў духоўны знак: «Духа мудрасці і разумення, духа парады і моцы, духа пазнання і страху Божага» (пар. Іс 11, 2). Беражы тое, што атрымаў. Цябе Бог Айцец пазначыў, Хрыстос Госпад умацаваў і, як навучае св. апостал Павел, «даў сэрцам нашым задатак Духа» (2 Кар 1, 22).
Св. Амброзій Медыяланскі