Хрыстос – наш мір і нашае святло«Ён – мір наш, які ўчыніў адно і другое адзіным» (Эф 2, 14). Усведам…

Хрыстос – наш мір і нашае святло

«Ён – мір наш, які ўчыніў адно і другое адзіным» (Эф 2, 14). Усведамляючы, што Хрыстос з’яўляецца мірам, мы адкрыем сапраўднае значэнне імя хрысціяніна, калі праз гэты мір, які ёсць у нас, мы пакажам Хрыста ў нашым жыцці. «Ён забіў у сабе варожасць» (пар. Эф 2, 16), – кажа Апостал. Таму не дазволім, каб яна аджыла ў нас зноў, але выразна пакажам, што яна памерла канчаткова. Паколькі дзеля нашага збаўлення яна была слаўна знішчана Богам, не будзем бязбожна вяртаць яе да жыцця на сваю згубу праз гнеў і памяць пра знявагі.

Паколькі Хрыстос, Які з’яўляецца мірам, належыць да нас, мы таксама заб’ём у сабе варожасць, каб у нашым жыцці здзейснілася тое, што – як верым – споўнілася ў Ім. Як Ён збурыў мур, што падзяляў два народы, а, з’яднаўшы іх у Сабе, у адным чалавеку ўсталяваў мір, так і мы ўсталюем мір не толькі з тымі, хто змагаецца з намі звонку, але таксама з тымі, хто падымае бунт унутры, каб цела не змагалася супраць духа, а дух – супраць цела. Падпарадкаваўшы Божаму закону цялесную мудрасць, стаўшы новым чалавекам, які нясе мір, перамененыя з двух у адно, будзем мець у сабе мір.

Вось азначэнне міру: згода паміж тымі, хто быў падзелены. Калі ў нас спыняецца ўнутраная вайна, тады, маючы мір, мы самі становімся мірам і паказваем, што імя, дадзенае Хрысту, справядліва і правільна адносіцца таксама і да нас.

Усведамляючы, што Хрыстос з’яўляецца сапраўдным святлом, вольным ад усялякай маны, мы разумеем, што і нашае жыццё патрабуе асвячэння промнямі гэтага сапраўднага святла. Вось жа промнямі «Сонца справядлівасці» з’яўляюцца дабрадзейнасці, якія ззяюць у свеце, каб мы, адкінуўшы «ўчынкі цемры, як у дзень, паводзілі сябе прыстойна» (пар. Рым 13, 13). Адкінем схаваныя ўчынкі беззаконня і будзем рабіць усё ў святле дня. Тады самі станем святлом і, – як гэта ўласціва святлу, – будзем асвячаць іншых нашымі добрымі ўчынкамі.

А калі паразважаем, што Хрыстос – гэта нашае асвячэнне, тады, устрымліваючыся ад усялякіх ліхіх думак і чынаў, мы сапраўды станем годнымі Ягонага імя, абвяшчаючы сілу святасці ўчынкамі, а не словам.

Св. Рыгор Ніскі