Ён паказаў, што не мае абавязку чыніць пакуту, бо ніколі не быў у няволі граху. Як Сын Божы быў вольны ад усялякай недасканаласці. Сын ёсць тым, хто вызваляе, а нявольнік знаходзіцца ў няволі. Таму Сын абсалютна свабодны і не абавязаны даваць водкуп, каб выбавіць сваю душу. Але Ягоная кроў магла стаць шчодрай платай за ўсе грахі свету. Бо справядліва вызваляе іншых той, хто сам свабодны.
Скажу больш. Не толькі Хрыстос не абавязаны даваць водкуп за выбаўленне і чыніць пакуту за грахі, але таксама, калі возьмем пад увагу канкрэтных людзей, заўважым, што ніхто з іх не можа адпакутваць за сябе. Хрыстос жа з’яўляецца адкупленнем усіх. Ён сам з’яўляецца ўміласціўленнем за ўсіх.
Чыя ж кроў магла б мець сілу адкуплення, калі Хрыстос праліў Сваю кроў дзеля адкуплення свету? Ці магчыма параўнаць чыю-небудзь кроў з крывёю Хрыста? І ці ёсць хтосьці больш магутны, каб даць плату большую за тую, якую ў Самім Сабе прынёс Хрыстос, Які Сваёй крывёю паяднаў свет з Богам? Увогуле, ці ёсць нейкая большая ахвяра, больш дасканалае прынашэнне, ці ёсць лепшы абаронца за таго, хто стаў уміласціўленнем за грахі ўсіх і хто сваё жыццё аддаў дзеля нашага збаўлення?
Таму не патрэбна ні плата, ні ўміласціўленне з боку паасобных людзей, бо за ўсіх заплаціла кроў Хрыста. Гэтай крывёю Госпад Ісус адкупіў нас і Сам паяднаў нас з Айцом. Цярпеў аж да канца, бо ўзяў на Сябе ўсе нашыя цярпенні. Таму кажа: «Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас» (Мц 11, 28).
Св. Амброзій Медыяланскі