Калі пакінем гэты свет, не зможам ужо больш ні вызнаваць нашыя правіны, ні вярнуцца на Божы шлях. Таму, мае браты, выконваючы волю Айца, захоўваючы чыстасць, трымаючыся Божых запаведзяў, мы атрымаем вечнае жыццё. Бо Госпад кажа ў Евангеллі: «Калі вы ў малым не былі верныя, хто даручыць вам сапраўднае? Таму кажу вам: “Верны ў малым і ў вялікім верны”» (пар. Лк 16, 10-11). Гэта значыць, захоўвайце чыстасць цела, захоўвайце беззаганную пячатку хросту – і атрымаеце жыццё.
Ніхто з вас няхай не кажа, што цела не спазнае суда і што яно не ўваскрэсне. Толькі падумайце: у чым, калі не ў гэтым менавіта целе вы былі адкупленыя і атрымалі духоўны зрок? Дык будзем жа сцерагчы нашае цела як Божую святыню. Як у целе вы былі пакліканыя, таксама ў целе вы і пойдзеце. Калі Ісус Хрыстос, наш Збаўца, будучы перад гэтым духам, прыняў людское цела, і такім нас паклікаў, то мы таксама ў гэтым целе атрымаем узнагароду.
Таму будзем любіць адзін аднаго, каб мы ўсе маглі ўвайсці ў Божае Валадарства. Пакуль маем час на аздараўленне, даверымся Боскаму лекару і ахвяруем плату. Якую? Шчырае навяртанне. Будзем праслаўляць Яго не толькі вуснамі, але таксама сэрцам, каб Ён прыняў нас як сваіх дзяцей. Бо Госпад сказаў: «Браты Мае – гэта тыя, хто выконвае волю Майго Айца» (пар. Лк 8, 21).
Гамілія ІІ ст.