У Берасьці ў парафіі сьв. братоў-апосталаў Пятра і Андрэя 2 сьнежня 2023 году адзначылі свае зімовае парафіяльнае сьвята з нагоды ўспаміну сьвятога апостала Андрэя, які лічыцца апекуном хрысьціянскага Ўсходу.
Сёлета царква ў Берасьці з нагоды 400-х угодкаў мучаніцтва сьв. Язафата, архібіскупа Полацкага рашэньнем Апостальскага Адміністратара грэка-католікаў у Беларусі і на падставе дэкрэту Апостальскай Пенітэнцыярыі вызначана адным з месцаў, дзе вернікі ў Беларусі могуць атрымаць поўны адпуст.
Сьвяточную Боскую Літургію з нагоды парафіяльнага сьвята ўзначальваў Апостальскі Адміністратар БГКЦ Архімандрыт Сяргей (Гаек). Разам з ім служылі грэка-каталіцкія душпастыры з Івацэвічаў а. Віталь Быстроў і дыякан Вячаслаў Гарчакоў. На юбілейныя адпустовыя ўрачыстасьці прыехалі групы вернікаў з Івацэвічаў і Баранавічаў.