Увогуле, святыя і духоўныя людзі валодалі той незвычайнай здольнасцю, якую мы так моцна патрабуем: бачыць Бога ва ўсіх абставінах жыцця, верыць у тое, што Бог усё вядзе да добрага завяршэння, што апошняе слова будзе толькі за Ім і Яго святой воляй.
Нібы падсумаванне для сённяшніх роздумаў гучаць у маім сэрцы словы майго сабрата-рэдэмптарыста – св. Клімента Марыі Гафбаўэра: «Будзьце адважныя! Бог ёсць Госпадам! Ён скіроўвае ўсё на ўласную славу і на нашу карысць, і ніхто не можа супрацьстаяць Яму. Усе чалавечыя планы, незалежна ад таго, наколькі добра яны распрацаваны, служаць толькі выкананню Яго святой волі. … Я бачу, што ўсё, што здаецца нам варожым, вядзе нас туды, дзе Бог хоча нас бачыць».
Малітва. Госпадзе, які заснаваў часы і гады, які ўсюды ёсць і ўсім кіруеш! Навучы мяне бачыць Тваю прысутнасць ва ўсіх абставінах нашага жыцця. Навучы нас усё больш давяраць Тваёй непасціжнай мудрасці, якая ўсё скіроўвае на Тваю славу і на нашу карысць. Будзь са мной заўсёды, мой Госпадзе, і дай, каб я заўсёды быў там, дзе Ты гэтага жадаеш, і каб нада мною здзейснілася Твая збаўчая воля! Амін.
Ул. Багдан Дзюрах