8 снежня 1914 г. у в. Дзедзіна Браслаўскага павета (зараз Мёрскі раён) нарадзіўся Чэслаў Сіповіч, б…

8 снежня 1914 г. у в. Дзедзіна Браслаўскага павета (зараз Мёрскі раён) нарадзіўся Чэслаў Сіповіч, беларускі рэлігійны і грамадскі дзеяч, грэка-каталіцкі біскуп, доктар багаслоўя, адзін з беларускіх тэарэтыкаў і прапаведнікаў экуменізму – руху цэркваў розных канфесій з мэтаю пераадолення веравызнаўчых супярэчнасцяў і наступнага іх аб’яднання. Пісьменнік, публіцыст і перакладчык, гісторык, культуролаг. Ініцыятар адкрыцця і заснавальнік Беларускай бібліятэкі імя Францыска Скарыны і музею пры ёй у Лондане ў маі 1971 г.

Выхаванец Друйскага кляштару айцоў-марыянаў. Адукоўваўся на тэалагічным факультэце ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме, у Папскім Усходнім інстытуце, дзе падрыхтаваў і абараніў доктарскую дысертацыю, прысвечаную ўніяцкаму мітрапаліту Ясону Смагажэўскаму.

Сябра Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі. Адзін з заснавальнікаў і актыўны Ангельска-беларускага таварыства. Выступаў з рэфератамі гісторыка-культуралагічнага характару на курсах беларусазнаўства. Сябра рэдкалегіі навуковага часопісу «The Journal of Byelorussian Studies». У перыядычным друку выступаў пад псеўданімамі Васіль Друя (В.Д-я), А. Дзедзінка (А. Дз-ка), Крывічанін.

Зямны шлях Чэслава Сіповіча скончыўся 4 кастрычніка 1981 г. у Лондане ў дзень, калі адзначалася дзесяцігоддзе заснаванай ім бібліятэкі — найбагацейшага беларускага кнігазбору па-за межамі Беларусі.