ПАПА РЫМСКІ АБВЯСЬЦІЎ ПРА ПАЧАТАК ГОДУ МАЛІТВЫ ПЕРАД ЮБІЛЕЕМ На заканчэньне сустрэчы з вернікамі па…

ПАПА РЫМСКІ АБВЯСЬЦІЎ ПРА ПАЧАТАК ГОДУ МАЛІТВЫ ПЕРАД ЮБІЛЕЕМ

На заканчэньне сустрэчы з вернікамі пасьля малітвы «Анёл Гасподні» ў Ватыкане, у Нядзелю Божага Слова, якая адзначаецца ў Царкве 21 студзеня 2024 году, Сьвяты Айцец Францішкак абвясьціў у Царкве асаблівы Год малітвы, які павінен дапамагчы падрыхтавацца да Юбілею 2025 году – паведамляе Vatican News.

У рамках падрыхтоўкі да Сьвятога 2025 году Папа Рымскі заклікаў нанова адкрыць важнасьць і каштоўнасьць малітвы, асабліва за хрысьціянскую еднасьць, заахвоціўшы таксама маліцца за мір на Сьвятой Зямлі, ва Ўкраіне і ў іншых краінах сьвету, якія пакутуюць ад вайны, зьвяртаючы асаблівую ўвагу на пакуты дзяцей. 

Удзяляючы блаславеньне пілігрымам, сабраным на плошчы Сьвятога Пятра ў Ватыкане, Сьвяты Айцец сказаў: «Найбліжэйшыя месяцы прывядуць нас да адкрыцьця Сьвятых Дзьвярэй, што распачне Юбілей. Прашу вас узмацніць вашую малітву, каб падрыхтавацца добра перажыць гэтую падзею ласкі і адчуць у ёй сілу Божай надзеі. Таму сёньня мы распачынаем Год малітвы, гэта значыць год, прысьвечаны таму, каб нанова адкрыць вялікую каштоўнасьць і абсалютную неабходнасьць малітвы: малітвы ў асабістым жыцьці, у жыцьці Царквы, малітвы ў сьвеце».

«У гэтыя дні, — працягваў Наступнік сьв. Пятра, — будзем асабліва маліцца за еднасьць хрысьціянаў і не стамляймася выпрошваць у Госпада мір ва Ўкраіне, Ізраілі і Палестыне, а таксама ў многіх іншых частках сьвету: ад яго адсутнасьці заўсёды пакутуюць самыя слабыя. Я думаю пра самых маленькіх, пра шматлікіх параненых і забітых дзяцей, пра тых, хто пазбаўлены цяпла і любові, мараў і будучыні. Давайце адчуем адказнасьць, каб маліцца і будаваць мір для іх!»

Папа таксама ўзгадаў пра Гаіці, дзе пагоршылася сацыяльная сітуацыя і дзе была выкрадзена група людзей, у тым ліку шэсьць манашак. Заклікаючы да іх вызваленьня, Сьвяты Айцец запэўніў, што моліцца за сацыяльную згоду ў гэтай краіне і заклікае ўсіх «пакласьці канец гвалту, які прычыняе столькі пакутаў».