На канале Нацыянальна-дэмакратычная плятформа з’явілася інфармацыя аб правядзенні пікета ў Варшаве каля будынку Міністэрства замежных спраў. Арганізатары заклікаюць улады Польшчы заняць больш рашучую пазіцыю і выставіць ультыматум да беларускай хунты:
Лукашэнка вызваляе ўсіх палітвязняў ці будуць спынены ўсе чыгуначныя перавозкі тавараў з Беларусі, у тым ліку транзітныя з Расіі і Кітая.
Амаль што пра гэтую ідэю я пісаў раней, але з невялікай розніцай. Пікет накіраваны на тое, каб прымусіць Польшчу выставіць ультыматум хунце, а ў апісанай мной ідэі беларусы павінны дамовіцца з Польшчай аб дазволе блакавання чыгункі і блакаваць чыгунку павінны самі беларусы. Тут вялікая розніца. Польшча малаверагодна, што будзе блакаваць імпарт у Еўразвяз, бо тады ім прыйдзецца дамаўляцца з іншымі краінамі еўразвязу аб гэтым і ісці ў канфрантацыю з Кітаем. А калі чыгунку заблакуюць актывісты-беларусы, то польскія ўлады нібыта і не вінаваты. Яны наадварот будуць казаць Еўразвязу, што стараюцца дамовіцца з пікетчыкамі і робяць усё магчымае. Але ж не могуць яны пікетчыкаў сілай выгнаць, гэта ж не дэмакратычна. Таму я звяртаюся да арганізатараў акцыі абмеркаваць гэты момант і магчыма ўнесці карэктывы ў мэту пікета.
Дадаткова я прапаную арганізатарам акцыі зрабіць наступнае:
1. зрабіць бот зваротнай сувязі альбо адкрыць каментары, каб быць у кантакце.
2. напісаць паведамленні ўсім СМІ і тэлеграм каналам з прапановай падтрымаць акцыю.
3. напісаць паведамленні палітыкам і арганізацыям, якія дзейнічаюць у Варшаве з прапановай падтрымаць гэтую акцыю. Напісаць звароты ўсім арганізацыям, якія працуюць па тэме палітзняволеных.
4. падзякаваць усім, хто падтрымаў дадзеную акцыю і дапамог у распаўсюджанні інфармацыі. Магчыма зрабіць банэр з лагатыпамі структур, якія падтрымліваюць гэтую акцыю. Людзі значна лепш далучаюцца да той дзейнасці, дзе яны бачаць кааліцыю і паспяховы вынік. А структуры будуць баяцца застацца “за бортам” на выпадак паспяховай акцыі.
Дзякую тым, хто ладзіць гэты пікет і справай спрабуе вызваліць нашых пабрацімаў.