Няд. сак 30th, 2025
*

Вясна ўзышла над Беларуссю
Залатаспеўным капяжом.
Блакiт Радзiмы першы бусел
Зноў мерыць стомленым крылом.

Са звонам ускрылiўшы ад храмаў,
Вясновы вецер клiч разнёс:
“Смерць перамогшы, грэх Адамаў,
Хрыстос васкрос! Хрыстос васкрос!”

Зямля скiдае посны саван.
I нараджае з небыцця
Пралескi як сцвярджэнне славы
Таго, Хто даў пiтво жыцця.

I ты, калi збалеў душою,
Аддай свой боль галлю бяроз.
I свежай ciлаю напоiць
Лагодны шэпт: “Хрыстос васкрос!”

Напоўнiм вечным кожны момант,
Падняўшы Крыж Хрыста як сцяг,
I пад грахоўным бураломам
Да Царства Бога знойдзем шлях!

АЛЕГ НАГОРНЫ