Паходзіў з беларускай сялянскай сям’і. Вучыўся ў Варшаўскай і Пецярбургскай духоўных каталіцкіх семінарыях. У сувязі з пачаткам Першай сусветнай вайны, а пазней ваеннай завірухай 1917-1920 г. скончыў тэалагічную адукацыю ў Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі (1922). У гэтым жа годзе пасвячоны ў святары.
Выкладаў рэлігію ў пачатковых школах Друйскай парафіі. З 2 жніўня 1925 г. – у Друйскім манастыры айцоў марыянаў. У міжваеннае дваццацігоддзе пашыраў у рыма-каталіцкай Царкве казанні на беларускай мове. Праследаваўся польскімі свецкімі ўладамі. Абвінавачваўся ў «беларускай агітацыі» сярод вучняў і моладзі Друйскай парафіі.
У 1938 г. дэпартаваны з Друі разам з іншымі беларускімі святарамі і клерыкамі. Апошнія перадваенныя гады правёў у Цэнтральнай Польшчы. У час Другой сусветнай вайны знаходзіўся ў Варшаве.
Памёр у 1971 г. у манастыры айцоў марыянаў у мясцовасці Скужэц недалёка ад г. Седльцы (Польшча).