Бібліятэка Віленскага ўніверсітэта анансавала зборнік алічбаваных гістарычных дакументаў «Уніяцкі зб…

Бібліятэка Віленскага ўніверсітэта анансавала зборнік алічбаваных гістарычных дакументаў «Уніяцкі зборнік». Гэты зборнік закліканы аб’яднаць раскіданыя па розных фондах бібліятэкі дакументы, звязаныя з адной з найбуйнейшых хрысціянскіх канфесій Вялікага Княства Літоўскага.
Дакументы, а менавіта рукапісы, лісты, друкаваныя кнігі, планы зямельных уладанняў, выявы, фатаграфіі і інш., раскрываюць гістарычны лёс уніяцкай царквы.
Калекцыя ўключае ў сябе розныя віды прадметаў, якія былі адабраны з розных збораў аддзела рукапісаў Бібліятэкі Віленскага ўніверсітэта. Дакументы тычацца царкоўнага кіравання, маёмасных пытанняў, гаспадарчага жыцця, адукацыі, рэлігійнай культуры, манаскай дзейнасці, друку, гандлю і інш. Сярод унікальных дакументаў — подпіс свяшчэннага архіепіскапа Язафата Кунцэвіча, лісты валадароў ВКЛ, справа уніяцкай семінарыі пры Лаўрышаўскім манастыры, фотаздымак уніяцкай царквы ў Мінску і інш. Калекцыя папоўнілася таксама каштоўнымі графічнымі творамі і выявамі уніяцкіх святынь.