11 ліпеня Рыма-Каталіцкая Царква адзначае памяць св. Бенядыкта Нурсійскага (каля 480 – 547), якога прынята лічыць Айцом заходняга манаства. Яго намаганнямі ўзнік і распаўсюдзіўся на Захадзе першы манаскі ордэн – бенедыктынцы, а ўкладзены ім манаскі ўстаў стаў для Захаду тым жа, чым Устаў св. Васіля Вялікага для Усходу.
Менавіта гэты святы надаў манаству форму і цвёрдую аснову, забяспечыў яго сапраўдны размах. Яму ж належыць знакаміты прынцып ora et labora («маліся і працуй») як дэвіз усяго манаскага служэння.
Папа Павел VI абвясціў св. Бенядыкта Заступнікам Еўропы з прычыны вялізнай ролі гэтага святога і манахаў заснаванага ім ордэна ў станаўленні хрысціянскай цывілізацыі.
Грэка-Каталіцкая Царква ўшаноўвае св. Бенядыкта 14 сакавіка.