Адразу пасьля Акафісту Багародзіцы было набажэнства Крыжовай дарогі у Гудагайскай Кальварыі, якое правёў пробашч і кусташ санктуарыюма ў Гудагаі кармяліт а. Аркадзь Куляха.
А завершыўся першы дзень фэсту сьвятой Імшой апоўначы і працэсіяй з сьвечкамі і цудатворным абразом Багародзіцы. Нядаўна прызначаны біскуп-каад’ютар Гарадзенскай дыяцэзіі Ўладзімір Гуляй, які ўзначальваў гэтую сьв. Імшу, пад час яе заклікаў вернікаў: «Давайце ж вяртацца з Гудагая людзьмі веры, любові і адзінства. Мы — адзіная Хрыстовая Царква: Божая сям’я і Яго ўласнасьць! Тое, што нас злучае — гэта Дух Госпада! Будзем жа прабываць у гэтым адзінстве, будзем адказнымі за яго! Няхай ніхто нас не падзеліць, але няхай нас яднаюць у адной веры і любові Сын Божы і Яго Маці Марыя».