23 ліпеня Каталіцкая Царква ўшаноўвае памяць св. Брыгіды Шведскай, апякункі Еўропы Будзь праслаўлены…

23 ліпеня Каталіцкая Царква ўшаноўвае памяць св. Брыгіды Шведскай, апякункі Еўропы

Будзь праслаўлены, мой Госпадзе, Ісусе Хрысце, за тое, што раней прадказаў сваю смерць, а падчас Апошняй Вячэры цудоўным чынам перамяніў хлеб у сваё хвалебнае Цела і ласкава раздаў Апосталам на ўспамін аб сваёй каштоўнай Муцы; што абмываючы сваімі святымі і слаўнымі далонямі іх ступні, Ты даў самы дасканалы прыклад пакоры.

Хвала Табе, Госпадзе мой, Ісусе Хрысце, за тое, што ў трывозе перад Мукай і смерцю Ты арасіў крывавым потам сваё бязвіннае цела і нягледзячы на гэта споўніў задуманую справу, аб’яўляючы праз гэта найвышэйшую любоў да чалавецтва.

Будзь праслаўлены, мой Госпадзе, Ісусе Хрысце, за тое, што быў адведзены да Каяфы і ў сваёй пакоры Ты, Суддзя ўсяго, падпарадкаваўся суду Пілата.

Хвала Табе, Госпадзе мой, Ісусе Хрысце, за тое, што выцерпеў здзекі, што апрануты ў пурпур быў укаранаваны вострым цернем, што з вялікай цярплівасцю вытрываў знявагу Твайго хвалебнага Аблічча, закрыванне вачэй Тваіх і біццё бязбожнымі рукамі па галаве і шыі.

Хвала Табе, Госпадзе мой, Ісусе Хрысце, за тое, што з такой вялікай цярплівасцю Ты даў прывязаць сябе да слупа, дазволіў бесчалавечна бічаваць сябе, весці сябе, залітага крывёю, што захацеў стаць як нявіннае Ягня перад судом Пілата.

Хвала Табе, Госпадзе мой, Ісусе Хрысце, за тое, што заліты крывёю, Ты быў асуджаны на крыжовую смерць, што ў страшным мучэнні нёс крыж на сваіх святых плячах, што дазволіў зацягнуць сябе ў здзеках на месца пакарання, каб з Цябе здзерлі адзенне і прыбілі да крыжа.

Вечная хвала Табе, Госпадзе Ісусе Хрысце, што сярод такога вялікага катавання Ты паглядзеў з любоўю сваімі салодкімі вачыма на сваю Найсвяцейшую Маці, якая ніколі не ўчыніла ніводнага граху і ніводнай правіны, і, суцяшаючы Яе, даручыў Яе вернай апецы свайго вучня.

Будзь праслаўлены навекі, мой Госпадзе, Ісусе Хрысце, за тое, што нават у хвіліну смерці даў грэшнікам надзею на прабачэнне, абяцаючы ў сваёй міласэрнасці хвалу раю злачынцу, які навярнуўся да Цябе.

Вечная хвала Табе, Госпадзе мой, Ісусе Хрысце, за кожную гадзіну, падчас якой на крыжы Ты выцерпеў за нас самую жахлівую муку і катаванні. Твае раны балюча праціналі Тваю душу і пранізвалі Тваё Найсвяцейшае Сэрца, пакуль яно не разарвалася, і Ты шчасліва аддаў духа. Схіліўшы галаву, Ты з усёй пакораю даручыў свой дух у рукі Айца, і холад ахапіў Тваё мёртвае цела.

Будзь блаславёны, Госпадзе Ісусе Хрысце, за тое, што сваёй каштоўнай крывёю і найсвяцейшай смерцю Ты адкупіў душы і вывеў іх з выгнання да вечнага жыцця.

Будзь благаслаўлёны, Госпадзе мой, Ісусе Хрысце, за тое, што дазволіў дзеля нашага збаўлення прабіць свой бок і сэрца дзідаю; за тое, што з Твайго боку выцеклі кроў і вада, каб адкупіць нас.

Хвала Табе, Госпадзе мой, Ісусе Хрысце, за тое, што пажадаў, каб Тваё святое цела, знятае Тваімі сябрамі з крыжа, было аддадзена ў рукі Тваёй балеснай Маці; за тое, што дазволіў, каб Яна захінула яго ў палатно, каб Тваё цела паклалі ў магілу і прыставілі да яго вартаўнікоў.

Вечная хвала Табе, Госпадзе мой, Ісусе Хрысце, за тое, што Ты ўваскрос на трэці дзень і аб’явіўся выбраным сведкам; за тое, што пасля сарака дзён на вачах многіх узышоў на неба і туды ў хвале прывёў сваіх прыяцеляў, вызваленых з адхлані.

Праслаўленне і вечная хвала Табе, Госпадзе Ісусе Хрысце, за тое, што спаслаў у сэрцы сваіх вучняў Духа Святога і памножыў у іх душах нязмерную Божую любоў.

Блаславенне, хвала і праслаўленне Табе навекі, Госпадзе мой, Ісусе, Які сядзіш на троне свайго Валадарства і ў хвале свайго Боства, жывы ва ўсіх сваіх найсвяцейшых членах, прынятых ад цела Найсвяцейшай Дзевы. Ты прыбудзеш у дзень суда, каб судзіць душы ўсіх жывых і памерлых, які жывеш і валадарыш з Айцом і Духам Святым на векі вякоў. Амін.