22 лютага 1883 года ў вёсцы Мэйшты, што каля Відзаў на Браслаўшчыне (сёння Літва) нарадзіўся Станіслаў Булак-Балаховіч – бясстрашны вайскавод, атаман, партызан і проста «Бацька».
Падвойнае прозвішча ўтворанае ад бацькавага «Балаховіч» і ягонай вайсковай мянушкі Булак, што значыць «воблака». У міжваеннай Польшчы быў прыняты адмысловы закон, які легалізаваў для вайскоўцаў выкарыстанне падвойных прозвішчаў з мянушкамі, і Станіслаў Балаховіч стаў афіцыйна Булак-Балаховічам. Прычым першы такое прозвішча пачаў ужываць ягоны брат Язэп, таксама вядомы беларускі вайсковы дзеяч, забіты савецкімі агентамі ў 1923 годзе і пахаваны ў Белавежы (вёска ў Гайнаўскім павеце Падляскага ваяводства Польшчы).