Заява Прэзыдыюму Рады Беларускае Народнае РэспублікіАб абмене закладнікаў, палітвязьняў і асуджаных …

Заява Прэзыдыюму Рады Беларускае Народнае Рэспублікі

Аб абмене закладнікаў, палітвязьняў і асуджаных без уліку інтарэсаў беларускага народу

Рада БНР сьведчыць, што беларускія інтарэсы – ня ў першы раз у сваёй гісторыі – праігнараваныя ў дамоўленасьцях паміж заходнімі сталіцамі. У сьпісе абмененых 1 жніўня 2024 Вашынгтонам і Бэрлінам, з удзелам іншых эўпапэйскіх дзяржаваў, узамен на асобаў, у якіх зацікаўленая Масква, няма беларускіх палітвязьняў і палонных.

Мы з жалем вымушаныя канстатаваць, што лідэры ЗША і Эўропы ў гэтай сытуацыі праігнаравалі пакуты беларускага народа, які апынуўся ў цяперашнім становішчы не ў апошнюю чаргу таму, што урады найбуйнейшых дзяржаваў Захаду доўгі час былі і застаюцца згодныя бачыць Беларусь у выключнай зоне інтарэсаў Масквы.

Відавочна, што грамадзянін Нямеччыны Рыко Крыгер, чый захоп рэжымам Лукашэнкі быў міжнародным злачынствам, абменены выключна ў інтарэсах Расейскай Фэдэрацыі.

Як вядома, сотні беларусаў праліваюць кроў у змаганьні за Ўкраіну ў барацьбе з расейскім агрэсарам. Мы спадзяваліся, што Ўкраіна магла б настойваць на вызваленьні ў гэтай схеме двух беларускіх дабраахвотнікаў, якія знаходзяцца ў расейскім палоне, а таксама грамадзянаў Беларусі, асуджаных за спробы перашкодзіць войскам РФ зьдзейсьніць ваенныя злачынствы ва Ўкраіне з беларускай тэрыторыі.

Рада БНР таксама перакананая, што Варшава мела поўнае права ўзьняць пытаньне пра вызваленьне з лукашэнкаўскіх турмаў Андрэя Пачобута і іншых прадстаўнікоў польскай нацыянальнай меншасьці.

Застаецца спадзявацца, што вышэйпрыгаданыя асобы будуць прадметам клопату Кіеву і Варшавы ў эўрапэйскіх і эўра-атлянтычных міжнародных структурах.

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі заклікае лідэраў дэмакратычнага Захаду да асэнсаваньня таго факту, што без вызваленьня Беларусі ад расейскай васальнай дыктатуры Лукашэнкі, а таксама абароны ад магчымай спробы непасрэднай акупацыі Беларусі Расеяй, немагчымая ня толькі эўрапейская пэрспэктыва Беларусі, але й мір і бясьпека на эўрапейскім кантынэнце ўвогуле.

1 жніўня 2024