СБУ правялі контрдыверсійныя трэніроўкі ў памежных з Беларуссю раёнах Ровенскай вобласці Украіны. Та…

СБУ правялі контрдыверсійныя трэніроўкі ў памежных з Беларуссю раёнах Ровенскай вобласці Украіны. Там адпрацоўвалася каардынацыя дзеянняў з сіламі абароны па нейтралізацыі “дыверсантаў”. Удзельнічалі ў вучэннях мясцовыя органы ўлады, вайскоўцы, Нацгвардыя, паліцыя і ратавальнікі.

Паводле легенды вучэнняў, “дыверсанты” ў цывільным адзенні таемна прыйшлі з Беларусі, захапілі будынак гарадской рады ў раённым цэнтры недалёка ад мяжы і ўзялі закладнікаў. Штурм праводзілі байцы спецпадраздзялення “А” СБУ, якія ліквідавалі ўмоўную варожую групу і вызвалілі закладнікаў.

Прэс-служба СБУ адзначае, што “вучэнні праходзілі ва ўмовах максімальна набліжаных да рэальных з прыцягненнем значнай колькасці асабістага складу сіл абароны, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі, у тым ліку беспілотных лятальных апаратаў”. Іх мэтай было павышэнне бяспекі ў памежных з Беларуссю раёнах.