“Рашэнне рэжыму Лукашэнкі спыніць наданне замежных пашпартных паслуг наносіць шкоду тысячам беларусаў, якія жывуць за мяжой, і з’яўляецца апошнім у доўгай чарадзе цынічных адмоваў рэжыму ад асноўных абавязацельстваў перад сваім народам”.
Пра гэта гаворыцца ў заяве прэс-сакратара Дзярждэпартамента ЗША Мэцью Мілера.
На думку амерыканскага знешнепалітычнага ведамства, адзіная мэта ўказа №278 — “ускладніць жыццё шараговым беларусам, якія жывуць за мяжой”.
Новыя правілы “маюць наступствы для ўсіх беларусаў”, гаворыцца ў заяве. Яны “не дазволяць сем’ям атрымаць грамадзянства і праязныя дакументы для сваіх дзяцей, а таксама зробіць практычна немагчымым для беларусаў за мяжой захаванне кантролю над сваімі дамамі і маёмасцю ў Беларусі”.
Прадстаўнік Дзярждэпартамента паведаміў, што ЗША працягваюць інтэнсіўныя кансультацыі з еўрапейскімі саюзнікамі і беларускімі дэмсіламі пра спосабы дапамогі беларусам за мяжой, “якія пацярпелі ад гэтага карнага ўказа”.
Крыніца: @pozirkonline