Былому журналісту інтэрнэт-выдання “Першы рэгіён” Сяргею Гардзіевічу забаранілі выезд з Беларусі. Пр…

Былому журналісту інтэрнэт-выдання “Першы рэгіён” Сяргею Гардзіевічу забаранілі выезд з Беларусі. Пра гэта яму сказалі беларускія памежнікі, калі той збіраўся паехаць у Літву па атрыманай сёлета візе. Гардзіевічу паставілі адпаведны штамп у пашпарт, піша @bajby.

“Я адчуў нешта нядобрае, калі памежніца вельмі доўга разглядала мой пашпарт. У выніку яна патэлефанавала, і прыйшоў яе начальнік”, — распавёў былы журналіст выданню “Ганцавіцкі час”.

Летам 2021 года Сяргей Гардзіевіч быў асуджаны на паўтара года пазбаўлення волі. Яго абвінавацілі ў абразе прадстаўнікоў улады ў сувязі з выкананнем імі службовых абавязкаў, паклёпе і публічнай абразе “прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”.

Журналіст у судзе віну не прызнаў. Ён адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі №17 у Шклове. У кастрычніку 2022 года выйшаў на волю. А ў лістападзе 2022 года трапіў у “спіс экстрэмістаў” Міністэрства унутраных спраў.