Дзень ВоліВось ужо 105 год беларусы адзначаюць абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі.Гэта вяліка…

Дзень Волі

Вось ужо 105 год беларусы адзначаюць абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі.
Гэта вялікае свята для ўсіх беларусаў па ўсім свеце, а для нас яшчэ і знакавае. Менавіта 25 сакавіка ў Кіеве, пад кананаду расейскіх войскаў, тады яшчэ батальён Каліноўскага прыняў свой першы зарок на вернасць Беларусі і беларускаму народу. А праз год мы ўжо атрымалі ўзнагароды з рук Рады БНР – першыя баявыя ўзнагароды за стагоддзі! Мы з гонарам лічым сябе спадкаемцамі тых, хто больш за сто гадоў таму, пад акупацыяй, заявіў пра незалежную Беларусь. Заявіў аб тым, што беларусы могуць і павінны мець сваю дзяржаву…
Аднак не ўсе з гэтым згодны. Нас спрабавалі і спрабуюць сцерці з зямлі. Спрабуюць сцерці нашу беларускасць, спрабуюць сцерці нацыю, спрабуюць сцерці волю, спрабуюць сцерці гонар нашага народа. Спрабуюць гэта зараз. За стагоддзі мы праходзілі войны, катаванні, выгнанні, расстрэлы і голад. Але мы заўсёды працягваемся. Мы працягваемся ў песнях і творах нашых пісьменнікаў, у адкрыццях нашых навукоўцаў, у перамогах нашых спартсменаў, у працавітасці нашых людзей і ў мужнасці нашых ваяроў.
І што б ні было мы ідзем да нашай свабоды! Так, часам кошт нашай свабоды – гэта жыццё… Але мы гатовыя плаціць гэты кошт!

Пакуль мы жывем – Жыве Беларусь!