ЗША пашыраць санкцыйныя меры ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі1 лютага ў Музеі Вольнай Беларусі адбыла…

ЗША пашыраць санкцыйныя меры ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі

1 лютага ў Музеі Вольнай Беларусі адбылася сустрэча прадстаўнікоў Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Паўла Латушкі, Валерыя Сахашчыка і Аляксандра Азарава з намесніцай памочніка дзяржсакратара ЗША Робін Даніген.

Адказная за Цэнтральную і Усходнюю Еўропу прадстаўніца Дзяржаўнага дэпартамента ЗША пацвердзіла, што амерыканскі бок працягвае паслядоўна выступаць за правядзенне свабодных выбараў у Беларусі, вызваленне ўсіх палітычных зняволеных і прыцягненне рэжыму Лукашэнкі да адказнасці за падтрымку вайны супраць Украіны.

Робін Даніген запэўніла, што ЗША пашыраць санкцыйныя меры ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Будуць улічаныя прапановы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па ўвядзенні абмежаванняў санкцыйнага характару за працяг масавых рэпрэсій і падтрымку вайны.

Намесніца памочніка дзяржсакратара таксама праінфармавала, што працягваецца расследаванне справы ў дачыненні да акта авіяпірацтва, звязанага з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair, здзейсненага рэжымам.

Прадстаўніца Дзяржаўнага дэпартамента ЗША пазітыўна ўспрыняла прапанову прадстаўніка Кабінета па транзіце ўлады Паўла Латушкi аб важнасці распрацоўкі адзінай стратэгіі краін-партнёраў дэмсіл па Беларусі.

Бакі таксама абмеркавалі перспектывы прыцягнення рэжыму Лукашэнкі да адказнасці за злачынствы, якія выклікаюць заклапочанасць усёй міжнароднай супольнасці (агрэсія, злачынствы супраць чалавечнасці). Робін Даніген паведаміла, што амерыканскія юрысты актыўна працуюць у гэтым кірунку. Ад прадстаўнікоў Кабінета і НАУ перададзены адпаведныя прапановы.

У ходзе сустрэчы было падкрэслена, што міжнародная сістэма бяспекі ў цяперашні час знаходзіцца пад крытычнай пагрозай, у той час як беларускі кантэкст з’яўляецца адным з ключавых фактараў развіцця вайны Расіі і рэжыму Лукашэнкі супраць Украіны.

Дадзеныя абставіны сведчаць аб неабходнасці далейшай кааперацыі ў мэтах забеспячэння транзіту ўлады ад аўтарытарнага рэжыму на карысць дэмакратычнага грамадства.