На канферэнцыі «Новая Беларусь 2023» прадстаўнік па замежных справах Кабінета Валер Кавалеўскі прэзе…

На канферэнцыі «Новая Беларусь 2023» прадстаўнік па замежных справах Кабінета Валер Кавалеўскі прэзентаваў праект новага нацыянальнага пашпарта Беларусі

Бяспека беларусаў і абарона іх інтарэсаў падчас вымушанай эміграцыі – прыярытэт Аб’яднанага Пераходнага Кабінета.

Праект нацыянальнага пашпарта Беларусі з’явіўся ў адказ на запыт беларусаў, якім рэжым ускладніў жыццё пасля пераезду і прымушае вяртацца для абмену дакументаў. Наяўнасць сапраўднага пашпарта важная для легалізацыі за мяжой. 

Нацыянальны пашпарт Беларусі – гэта ўнікальны праект праязнога дакумента.

На працягу года кіраўніцай Кабінета Святланай Ціханоўскай і яе камандай былі праведзены перамовы і кансультацыі з кіраўніцтвам Еўракамісіі і шэрагам нацыянальных урадаў, эскіз пашпарта прадстаўлены Камітэту па праязных дакументах Еўракамісіі, дасягнута разуменне і станоўчае ўспрыманне праекта.

Надышоў этап вырабу фізічных узораў пашпарта – абавязковая ўмова для яго прызнання. Чакаецца, што вытворчасць узораў зойме некалькі месяцаў.

Для станоўчага рашэння аб прызнанні Кабінет будзе праводзіць перамовы з урадамі. Важна, каб беларусы падтрымалі праект праз звароты да афіцыйных асоб, палітыкаў, экспертаў, праз медыя і грамадзянскія арганізацыі.

Пашпарт будзе выдавацца Кабінетам праз сетку пашпартных цэнтраў. Пасля падзення рэжыму і аднаўлення дэмакратыі будзе выдавацца ўсім грамадзянам Беларусі. 

Пашпарт будзе біяметрычным машыначытэльным дакументам, які адпавядае ўсім патрабаванням Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі. 

Бяспека пашпартных даных будзе забяспечвацца ў строгай адпаведнасці з заканадаўствам Еўрасаюза.

Пашпарт – не замена для нацыянальных віз, не дазвол на пражыванне і працаўладкаванне ў краінах ЕС. Працэс легалізацыі ў дзяржаве, якая прызнала пашпарт, перастане быць праблемай у выпадках непрыдатнасці або страты старога пашпарта.

Відэавізуалізацыя новага пашпарта на YouTube-канале Кабінета.

@CabinetBelarus