Вынікі працоўнага візіту Валера Кавалеўскага ва УкраінуРазам з дарадцам Святланы Ціханоўскай па парл…

Вынікі працоўнага візіту Валера Кавалеўскага ва Украіну

Разам з дарадцам Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве і канстытуцыйнай рэформе Анатолем Лябедзькам і кіраўніком Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве Генадзем Манько намеснік кіраўніцы, прадстаўнік па замежных справах Кабінета Валер Кавалеўскі ўзяў удзел у серыі сустрэч:

з дэпутатамі Вярхоўнай Рады і парламентарыямі каля 20 краін ЕС, падчас якой абмяркоўваліся беларуска-ўкраінскія стасункі, праблемы легалізацыі беларусаў ва Украіне, у тым ліку праблемы з банкаўскімі рахункамі і ВНЖ, а таксама складанасці, з якімі сутыкаюцца беларускія добраахвотнікі; на палях сустрэчы таксама праведзены перамовы з еўрадэпутатамі;

з дарадцам Офіса прэзідэнта Украіны Міхаілам Падалякам, з якім дасягнута дамоўленасць аб правядзенні сумесных палітычных і экспертных мерапрыемстваў і абмеркаваны магчымасці супрацоўніцтва ў знешняй палітыцы;

з экспертнай супольнасцю ў Кіеве, падчас якой вялася гаворка аб праблемах беларусаў ва Украіне, перспектывах пашпарта новай Беларусі, узаемадзеянні з добраахвотнікамі і валанцёрамі, кантактах з украінскімі ўладамі і магчымасці візіту Святланы Ціханоўскай ва Украіну;

з прадстаўнікамі дыпламатычнага корпусу ЕС у Кіеве, якім – у мэтах падтрымання сталых дыпламатычных стасункаў з беларускімі дэмсіламі – быў прадстаўлены кіраўнік Місіі дэмакратычнай Беларусі Генадзь Манько;

са штабам Палка Каліноўскага, падчас якой адбылася перадача гуманітарнага грузу для беларускіх добраахвотнікаў;

з беларускай дыяспарай у Львове, на якой уздымаліся пытанні супрацоўніцтва з мясцовымі ўладамі ў галіне медыя і па праблемах легалізацыі (курыраваць іх вырашэнне будзе Генадзь Манько).

Валер Кавалеўскі пракаментаваў вынікі працоўнага візіту: «Атмасфера сустрэч з украінскім бокам, у тым ліку з афіцыйнымі асобамі, была вельмі прыязнай. Можна з упэўненасцю казаць, што прагрэс у адносінах ёсць і дыялог наладжваецца. Але нас чакае яшчэ шмат руплівай працы для таго, каб адносіны прынеслі істотныя для абодвух бакоў вынікі».

@CabinetBelarus