«Рэжым Лукашэнкі адмаўляецца выконваць дзяржаўныя функцыі»Намеснік кіраўніцы Кабінета Валер Кавалеўс…

«Рэжым Лукашэнкі адмаўляецца выконваць дзяржаўныя функцыі»

Намеснік кіраўніцы Кабінета Валер Кавалеўскі выказаў агульную пазіцыю Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі ў сувязі з указам №278, які пазбавіць беларусаў магчымасці атрымліваць і абменьваць пашпарты Рэспублікі Беларусь па-за межамі краіны:

«Гэта яшчэ адзін рэпрэсіўны механізм з боку рэжыму Лукашэнкі, які робіць праект нацыянальнага пашпарта Беларусі яшчэ больш актуальным для ўсіх беларусаў.

Відавочна, што злачынны рэжым адмаўляецца выконваць свае базавыя абавязкі перад грамадзянамі Беларусі, пераўтвараючы звычайныя дзяржаўныя функцыі ў элемент ціску і рэпрэсій. Гэта чарговы крок у пошуку «ворагаў», парушэнне фундаментальных правоў грамадзян і людзей, які яшчэ раз дэманструе ўсім антынародную сутнасць рэжыму ўзурпатара.

У той самы час Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі на чале са Святланай Ціханоўскай у сваёй дзейнасці кіруецца рэальнымі патрэбамі беларусаў па ўсім свеце. Крокі антынароднага, незаконнага рэжыму Лукашэнкі пацвярджаюць, што стварэнне нацыянальнага пашпарта — абгрунтаванае і актуальнае дзеянне, крыніца якога не палітычны «хайп», а ўжо сёння жыццёвая неабходнасць дзясяткаў тысяч грамадзян Беларусі, і ў перспектыве — пры такой палітыцы рэжыму — значна большай колькасці грамадзян.

Нацыянальны пашпарт Беларусі — гэта не толькі тактычнае вырашэнне праблемы беларусаў замежжа, але стратэгічны праект для ўсіх беларусаў, як за мяжою, так і ўнутры краіны. Такім чынам мы не проста вырашым практычнае пытанне дня сённяшняга, але і замацуем беларускую нацыю як субʼект, мы будзем абʼяднаныя праз гэты дакумент, дзе б мы ні знаходзіліся».

@CabinetBelarus