«Мы дамовіліся пра канкрэтныя наступныя крокі па магчымасцям падтрымкі беларусаў, якія жывуць у Іспа…

«Мы дамовіліся пра канкрэтныя наступныя крокі па магчымасцям падтрымкі беларусаў, якія жывуць у Іспаніі»

Падчас візіту ў Мадрыд дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі правёў сустрэчу з дзяржаўным сакратаром Міністэрства замежных справаў Іспаніі Дыега Марцінасам Беліа.

У ходзе сустрэчы бакі вызначылі ключавыя напрамкі супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, закранулі актуальныя міжнародныя і гуманітарныя пытанні, сітуацыю з палітычнымі зняволенымі і санкцыйную палітыку Еўрапейскага Саюза і Іспаніі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. 

Асобнай тэмай сустрэчы стала пытанне адкрыцця Місіі дэмакратычных сілаў Беларусі ў Мадрыдзе, якая можа стаць важным цэнтрам каардынацыі дзейнасці беларускага прадстаўніцтва і падтрымкі беларусаў у Іспаніі.

Дзяніс Кучынскі перадаў дзяржаўнаму сакратару дакумент з апісаннем існуючых праблемаў і шляхоў іх вырашэння, які быў падрыхтаваны на аснове прапановаў беларусаў Іспаніі. Асаблівая ўвага ў дакуменце нададзеная пытанням прызнання пратэрмінаваных беларускіх пашпартоў, а таксама распрацоўцы нацыянальных рэкамендацыяў для іспанскіх органаў пры разглядзе працэдураў легалізацыі.

Дзяржаўны сакратар пацвердзіў, што разумее складанасць узнятых пытанняў і надае ім асабістую ўвагу. Ён выказаў гатоўнасць падтрымаць іх вырашэнне і накіраваць адпаведныя звароты з мэтай падтрымкі беларусаў у Іспаніі.

Дзяніс Кучынскі: 
«Я адмыслова прыляцеў у Мадрыд, каб правесці сустрэчу на высокім узроўні з першым намеснікам Міністра замежных справаў Іспаніі. Нашая размова доўжылася амаль тры гадзіны — і гэта паказвае, наколькі сур’ёзна іспанскі бок ставіцца да супрацоўніцтва з беларускімі дэмсіламі, а таксама да праблемаў беларусаў. Мы дамовіліся пра канкрэтныя наступныя крокі па магчымасцям падтрымкі беларусаў, якія жывуць у Іспаніі. Дыега Марцінас запэўніў, што Міністэрства замежных справаў і надалей будзе дапамагаць у прасоўванні і вырашэнні гэтых пытанняў разам з іншымі дзяржаўнымі органамі».


Падрабязней пра візіт — на афіцыйным сайце.