Ірына МакЛейн: «Пытанне інваліднасці — гэта не пра індывідуальныя гісторыі, а пра тое, якой будзе Бе…

Ірына МакЛейн: «Пытанне інваліднасці — гэта не пра індывідуальныя гісторыі, а пра тое, якой будзе Беларусь»

У Міжнародны дзень людзей з інваліднасцю намесніца прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Ірына МакЛейн нагадвае, «што падыход дзяржавы да людзей з інваліднасцю паказвае сапраўдны ўзровень развіцця грамадства»:

«У многіх беларускіх сем’ях, якія апынуліся ў выгнанні пасля 2020 года, растуць дзеці з інваліднасцю і складанымі адукацыйнымі патрэбамі. Іх штодзённасць — спроба разабрацца ў новых сістэмах адукацыі і падтрымкі, якія нярэдка адрозніваюцца ад таго, што было ў Беларусі.

Каб абмеркаваць гэтыя рэальныя патрэбы і перашкоды, 8 снежня ў Варшаве адбудзецца спецыяльная сустрэча. Удзельнічаць можна і анлайн».

Чаму гэта важна
«Беларуская сістэма працы з людзьмі з інваліднасцю застаецца закрытай. Чалавек залежыць ад рашэнняў чыноўнікаў, адукацыйныя магчымасці абмежаваныя, а падтрымка часта фармальная. Доступ да інфармацыі, рэабілітацыі і інклюзіўнага навучання застаецца выпадковым, а не сістэмным.

У дэмакратычных краінах інваліднасць разумеецца праз павагу да правоў чалавека. Там чалавек мае права на самастойнасць, на адукацыю, на ўдзел у прыняцці рашэнняў. Падтрымка арганізуецца так, каб адкрываць магчымасці, а не ствараць залежнасць.

Гэта два розныя падыходы і дзве розныя мадэлі жыцця. Таму пытанне інваліднасці — гэта не пра індывідуальныя гісторыі, а пра тое, якой будзе Беларусь. Дзяржава можа будавацца на кантролі або на павазе да правоў і годнасці», — тлумачыць прадстаўніца АПК.


Ірына МакЛейн запрашае далучыцца да сустрэчы 8 снежня: «Размова патрэбная, каб разам сфармуляваць, што павінна змяніцца, калі Беларусь стане свабоднай і дэмакратычнай».

Пра флэшмоб
З нагоды Міжнароднага дня людзей з інваліднасцю Ірына МакЛейн ініцыявала флэшмоб #Яісную і заклікала ўсіх ахвочых далучыцца да яго, альбо падтрымаць рэакцыямі і/ці рэпостамі ў сацсетках.

Змест флэшмоба:

Далучайцеся да флэшмоба #Яісную

Сёння мы хочам, каб былі пачутыя галасы людзей з інваліднасцю і іх сем’яў.

Калі вы хочаце — далучыцеся.
Проста напішыце або скажыце:

«Я жыву з інваліднасцю.
Я маю права на годнае жыццё
.»

Гэта можа быць фота, відэа ці тэкст у сторыс — як вам камфортна.

Адна фраза.
Адзін дзень.
Сотні галасоў, якія нельга ігнараваць.

Усіх, хто хоча выказаць салідарнасць людзям з інваліднасцю, заклікаю падтырмаць флэшмоб рэпостамі, лайкамі, каментарамі!

@CabinetBelarusi