Спявачка, якая стала вядомай у 2020 годзе з народным хітом «Шчучыншчына», вяртаецца з новым трэкам «Узда!».
“Для мяне гэта не проста музычная кампазіцыя, а сапраўдны гімн любові да малой радзімы. Мне прыемна з цеплынёй і лірызмам апяваць горад Узду, яго славутасці. У прыватнасці, знакаміты дыска-бар «Арбіта», дзе прайшло нямала незабыўных творчых вечароў,” — паведаміла Алена карэспандэнту, які пракраўся на здымачную пляцоўку кліпа на песню «Узда!».
“Першапачаткова песня была напісана па-беларуску, але я забыла рукапіс з той версіяй у аўтобусе, а той, як на ліха, згарэў.”
Рэжысёрам будучага аўдыявізуальнага шлягера стаў Андрэй Кашперскі, сумна вядомы па стварэнні серыяла «Працэсы».
“Для мяне гэта не проста відэакліп, а споведзь, зафіксаваная на цэлюлоідзе. Думаю, кожны знойдзе ў гэтым музычным фільме нешта для сябе. Бо менавіта ў гэтым і ёсць сутнасць мастацтва — гаіць душы і сэрцы.”
Падчас дабрачыннага аўкцыёну на фестывалі «Летуцень» у Кракаве адным з лотаў было напісанне песні, прысвечанай гораду. Пераможца аўкцыёну Мікалай абраў Узду у якасці населенага пункту, пра які спяе Алена ЖалудОк, бо гэта родны горад яго дзяўчыны Наталлі.
У відэакліпе выкарыстана архіўная кінахроніка. Ганаровыя чальцы ЧынЧынЧэнэл, Сяргей Мікалаевіч і Мікалай Сяргеевіч, паўстануць перад гледачамі, так бы мовіць, без гальштукаў (але ў гальштуках).
Кампазіцыя і кліп «Узда!» цалкам адпавядаюць прававым нормам, тэхнічным патрабаванням і традыцыйным каштоўнасцям.