Святлана Ціханоўская сустрэлася з намеснікам памочніка дзяржсакратара ЗША па справах Усходняй Еўропы…

Святлана Ціханоўская сустрэлася з намеснікам памочніка дзяржсакратара ЗША па справах Усходняй Еўропы

«Сёння я сустрэлася ў Вільні з Крыстаферам Смітам. Спадар Сміт учора быў са «спецыяльнай аперацыяй» у Мінску – вызваліць нашых палітвязняў – Алену Маўшук і Андрэя Кузнечыка, а таксама грамадзяніна ЗША.

Я падзякавала спадару Сміту за яго намаганні, за ўзаемадзеянне і каардынацыю з Офісам, і перадала асабістую ўдзячнасць прэзідэнту Трампу і дзяржсакратару Рубіа: менавіта дзякуючы іх палітычнай волі гэта стала магчымым.

Я радая, што ў нас завязваюцца даверлівыя адносіны з новай амерыканскай адміністрацыяй, і ўчора мы пабачылі канкрэтныя вынікі гэтага супрацоўніцтва. Крыстафер Сміт запэўніў мяне, што ўчорашнія вызваленні былі зробленыя рэжымам аднабакова, без нейкіх саступак з амерыканскага боку.

Мы з ім абмеркавалі наступныя крокі па вызваленні іншых палітвязняў. Так, нашая мэта – каб усе выйшлі на свабоду, каб былі спыненыя рэпрэсіі. Гэта неабходная ўмова, каб мог пачацца нацыянальны дыялог. І я бачу, што з амерыканскага боку ёсць жаданне і гатоўнасць нам у гэтым спрыяць.

Са спадаром Смітам мы таксама прагаварылі іншыя пытанні: працяг Стратэгічнага дыялогу і ўзаемадзеянне на міжнароднай арэне, асабліва ў кантэксце бягучых перамоваў па Украіне. Нельга дапусціць, каб Беларусь стала «суцяшальным прызам» для Расіі, і трэба рабіць усё магчымае, каб вывесці Беларусь з вайны».