Інтэрпол выкрасліў Андрэя Гнёта са свайго «чырвонага спісу»Генеральны сакратарыят Інтэрпола ў электр…

Інтэрпол выкрасліў Андрэя Гнёта са свайго «чырвонага спісу»

Генеральны сакратарыят Інтэрпола ў электронным лісце паведаміў Прадстаўніцтву Еўрасаюза ў Сербіі пра тое, што падстаў для знаходжання беларускага журналіста Андрэя Гнёта ў міжнароднай базе Інтэрпола ці ў «red notices for wanted persons» няма.

Інтэрпол прызнае палітычную падаплёку справы журналіста. Як вынікае з ліста (служба маніторынгу @bajmedia мае яго ў сваім распараджэнні), знаходжанне Гнёта ў «чырвоным» спісе супярэчыць артыкулам 2 і 3 Статута Міжнароднай арганізацыі крымінальнай паліцыі.

41-гадовы Андрэй быў затрыманы памежнай службай Сербіі, калі прыляцеў у Бялград. Прычына — знаходжанне ў міжнародным вышуку па запыце беларускага бюро Інтэрпола. Ведамства прасіла экстрадаваць Гнёта ў Беларусь.

Спачатку мужчыну было вырашана выдаць Беларусі, але 12 сакавіка Апеляцыйны суд у Бялградзе адмяніў гэтую пастанову. Пасля гэтага справа аб экстрадыцыі Гнёта пераглядалася яшчэ некалькі разоў. Зараз журналіст чакае апеляцыйнага суда.