Жыве наша мэта — Жыве Беларусь!4 гады таму пачалася наша дэмакратычная рэвалюцыя. Увесь гэты час мы …

Жыве наша мэта — Жыве Беларусь!

4 гады таму пачалася наша дэмакратычная рэвалюцыя. Увесь гэты час мы працягваем змагацца за тое, каб наша краіна стала вольнай ад дыктатуры. І за ўвесь гэты час, я ўпэўнены, гэта агульная мара большасці беларусаў і беларусак не перастала быць нашай агульнай мэтай. Якім бы складаным не быў наш шлях да яе.

За гэты час мы здолелі стварыць сістэму інстытутаў, якая ўключае ў сябе прэзідэнтку-элект, Аб’яднаны Пераходны Кабінет і Каардынацыйную Раду. Усё гэта — палітычная альтэрнатыва рэжыму ўзурпатара Лукашэнкі. Прыціснулі яго моцнымі гандлёвымі санкцыямі, дакументавалі злачынствы, накіравалі дакументы ў Міжнародны крымінальны суд, тлумачылі свету важнасць падзяляць беларусаў і рэжым, дапамагалі беларусам з вырашэннем праблем, якія ўзнікаюць.

Але зараз нам прапануюць спыніць нашу працу, спыніць барацьбу. Вы таксама чуеце гэтыя галасы, гэтыя заявы, што прапануюць прызнаць Лукашэнку легітымным, прапануюць спыніць ціск, ліквідаваць нашыя структуры, разысціся, здацца.

Чаму? Чаму яны гучаць? Таму што наперадзе электаральны год для Лукашэнкі, да якога ён ужо актыўна рыхтуецца, рыхтуе свае фальшывыя «выбары».

І ён вельмі хоча правесці іх у татальнай цішыні, без супраціву, без альтэрнатывы. Бо ён яе баіцца. Бо пакуль дзейнічае палітычная альтэрнатыва ягоны рэжым не будзе непахісным, не будзе трывалым, не будзе ўпэўненым у сабе.

Ён хоча нашай капітуляцыі, але чаму мы павінны капітуляваць? Няўжо мы гатовыя забыцца пра ўсе жудасныя злачынствы? Няўжо гатовыя прабачыць? Адмовіцца ад права звацца людзьмі, адмовіцца ад будучыні? Няўжо гатовыя «перагарнуць старонку», а калі быць дакладнымі, то сотні тысяч старонак злачынстваў супраць чалавечнасці, сярод якіх забойствы, катаванні, гвалт да жанчын і дзяцей. У гэтых сотнях тысячах старонак — і ваенныя злачынствы ў дачыненні да Украіны.

Не. Я — не гатовы. Таму як беларус і як беларускі палітык я, Павел Латушка, ніколі не спынюся. Не здамся. Я буду змагацца за вызваленне палітычных зняволеных з турмаў Лукашэнкі, не спыню барацьбу за вызваленне Беларусі ад ягонай дыктатуры.

Беларусь будзе вольнай!

Жыве наша мара, жыве наша мэта і справа! Жыве Беларусь!