Хтосьці кажа пра раскол ды нават развал дэмакратычных сілаў. Нехта расчароўваецца: няма аб’яднання. Але ці так усё дрэнна?
Ва ўсіх палітыкаў ды структураў, актывістаў ды валантэраў па-ранейшаму адна мэта. Патрабаванні вызвалення палітзняволеных, аднаўлення законнасці ды правядзення новых сумленных выбараў нікуды не зніклі. Усе дэмакратычныя палітыкі змагаюцца за суверэнітэт беларусаў.
Публічная палітыка — цалкам натуральная для дэмакратыі. Беларускі дэмакратычны рух — гэта не вертыкальная сістэма, дзе ўсё падпарадкавана дыктатару. З такой сістэмай мы змагаемся.
Усе тыя, хто змагаецца за вольную Беларусь, — саюзнікі. З рознымі поглядамі ды метадамі, але з агульнай мэтай, да якой мы ўсе ідзем.
Абразы ды спрэчкі дзеля спрэчак — дрэнна. Але абгрунтаваныя спрэчкі абсалютна непазбежныя і могуць быць карысныя для змен, таму не трэба расчароўвацца. Калі мы, грамадзянская супольнасць, бачым розныя погляды ды падыходы, мы можам вызначыцца, каго з палітыкаў ці структураў падтрымаць.
Кожны з нас можа ўплываць на палітыкаў і іхнія рашэнні. У гэтым адна з асноўных роляў грамадзянскай супольнасці.
Для вашага ўплыву не трэба чакаць, пакуль здарыцца штосьці дрэннае. Як займацца здароўем трэба да таго, як вы захварэлі. Трэба завесці звычку сачыць за палітыкамі і даваць ім зваротную сувязь раней за момант, калі штосці пачало ісці не туды, як вам хочацца. А калі хтосьці не падзяляе вашых каштоўнасцяў, а яго метады не падаюцца вам эфектыўнымі і вартымі ўвагі — кажыце пра гэта. Напрыклад, каштоўнасць чалавечага жыцця для вас вышэй за ўсё, і вы не бачыце магчымасці сілавога сцэнара, ці, наадварот, дыпламатыя для вас з’яўляецца сінонімам нерашучасці.
Маўчанне вядзе толькі да дыктатуры. Каб палітыкі дзейнічалі на карысць народа, грамадзянская супольнасць павінна ўдзельнічаць у палітычным жыцці.
Як суверэнітэт краіны залежыць ад народа, так і моц палітыкаў залежыць ад падтрымкі з боку беларусаў. Таму адкрытыя дыскусіі і абмен ідэямі ды поглядамі — добрая нагода для таго, каб абраць, каго падтрымаць.
@honestpeople_by
#мычестныелюди #мысумленныялюдзі #строимгражданскоеобщество