Мінуў яшчэ адзін год нашага змагання за свабоду і лепшы лёс нашай бацькаўшчыны. Яшчэ адзін год штотыднёва мы выходзілі ў цэнтр Варшавы каб сказаць “НЕ” крывавым дыктатарскім рэжымам лукашэнкі і пуціна. Мы годна неслі нашыя сцягі на плячах і размаўлялі з польскім грамадствам нашымі плакатамі. Увесь год мы былі голасам беларусаў!
Мы ведаем, што дыктатура ў Беларусі ўзнікла і замацавалася не адным днём, не адным тыднем, і нават не адным годам.
І мы верым, што знішчана яна будзе толькі ў выніку нашых маленькіх, але настойлівых крокаў. Кожная акцыя, кожны ўчынак салідарнасці, кожная валанцёрская дапамога, кожны ліст палітвязню, кожны рэпост ў сацсетках, кожны крок дапамогі ваярам ва Украіне набліжае нас да перамогі.