1. Якуб Колас. Казкі жыцця. Вельмі кароткія, але вельмі ёмістыя апавяданні пра прыроду і чалавека, над якімі можна разважаць бясконца. Чытаць
2. Саламея Пільштынова. Авантуры майго жыцця. Прыгоды і вандроўкі, якія вам і не сніліся. Рэальная гісторыя пакручастага лёсу лекаркі з Навагрудка, расказаная ёй самой. Чытаць
3. Максім Гарэцкі. Ціхая плынь. Цяжкое чытво пра цяжкое маленства хлопчыка Хомкі. Маляўнічы пейзажы Падняпроўя, гаротнае жыццё сялян на іх тле. Чытаць
4. Алена Васілевіч. Расці, Ганька! Неверагодна, нават парадаксальна мілая кніга пра дзяцінства дзяўчынкі ў беларускай вёсцы. Гэта першая частка тэтралогіі, пры жаданні можна нагугліць працяг ) Слухаць
5. Уладзімір Караткевіч. Ладдзя Роспачы. Ці не самы рок-н-рольны твор беларускай класікі, яго герой, Гервасій Выліваха, так і просіцца на старонкі графічнага рамана ці ў эпічную гульню. Чытаць
6. Адам Глобус. Толькі не гавары маёй маме. Кніга пра першае каханне, першы сэкс, пра першыя пакуты ад пачуццяў. Тут шмат алкаголю, неўтаймоўнай юнацкай энергіі, шмат шчырасці і творчасці. Чытаць
7. Алена Брава. Садомская яблыня. А гэтая гісторыя — пра сучасную Беларусь, дакладней — пра лёс жанчыны, якая жыве ў звычайным беларускім райцэнтры. Слухаць і пакутаваць разам з ёй па няспраўджаных марах.
8. Юры Станкевіч. Любіць ноч — права пацукоў. Ці не самы эмацыйна перагружаны раман у беларускай літаратуры. Шкадаванне, боль, агіда, крыўда, натуральнае, фізіялагічнае памкненне званітаваць. Прышпіліцеся: будзе вельмі жорстка. Чытаць
9. Сяргей Пясецкі. Каханак Вялікай Мядзведзіцы. Рамантыка жыцця кантрабандыстаў на савецка-польскай мяжы бліз Ракава ў 1920-я. Дзяўчаты, зброя і шалёны адрэналін. Чытаць
10. Альгерд Бахарэвіч. Дзеці Аліндаркі. Лёся і Лёччык, брат і сястра, узяўшыся за рукі, крочаць па змрочнай рэчаіснасці. Казка для дарослых, напоўненая архетыпамі, якія зазіраюць адразу ў вочы падсвядомасці чытача. Чытаць
Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому. Кніга па-за спісамі і рэйтынгамі. Успаміны класіка беларускай літаратуры з сусветным іменем, якому напрыканцы жыцця не знайшлося месца на Радзіме. Кніга вельмі інтымная. Быкаў, пра якога нам не расказвалі на ўроках у школе. Чытаць або слухаць у выкананні аўтара
Спіс склалі эксперты Беларускай Рады культуры @radakultury, вам жа хочацца яго дапоўніць, праўда?
Даведацца больш пра тое, што адбываецца ў свеце беларускай літаратуры сёння, — у аглядзе ад Аналітычнай групы Беларускай Рады культуры.